Жанчын у Мінску здымаюць падчас родаў камерай відэаназірання
У эфіры праграмы “Времечко” мінчанка скардзіцца на тое, што ў сталічнай паліклініцы № 30 вядзецца відэаназіранне за пацыентамі! Па яе словах, відэа запісваюць прама ў кабінетах дактароў!
Галоўны доктар гэтай установы Валерый Біржакоў спяшаецца супакоіць: ніякіх назіранняў за пацыентамі ў кабінетах медыкаў не вядзецца.
“У нас ёсць відэаназіранне ў рэгістратуры, таблічка вісіць, і гэта дапамагае вырашаць розныя канфліктныя сітуацыі. Бывае, пацыент скардзіцца на рэгістратараў, а калі прапаноўваю камеру паглядзець — збягае з кабінета. Да таго ж, гэта і супрацоўнікаў неяк дысцыплінуе — яны больш стрымана рэагуюць на ўсё”.
Доктар шчыра кажа, што і сам не супраць паставіць відэакамеры прама ў кабінеты дактароў, але этыка не дазваляе. Да таго ж, хвалюе пытанне, дзе захоўваць такое відэа!
“Цяпер сервер зламаць можа любы дзевяцікласнік, — кажа доктар і прызнаецца, што пацыенты цяпер часцей здымаюць саміх дактароў. — А я так, скажу, што і нас часта здымаюць самі пацыенты на мабільнікі, прыходзяць і кажуць, што будуць здымаць”.
Глядзім, дзе за намі назірае вока вялікага брата яшчэ: транспарт, паркоўкі, кавярні, банкі, вуліцы і плошчы. Нават у прыбіральнях!
Вось прыбіральня насупраць КДБ на вуліцы Камсамольскай, а там папярэджанне: “Вас здымаюць на відэа”. Цікаўлюся, як так?
“Да нас многа людзей прыходзіць, каб не было нейкіх злачынстваў, — кажа мне касірка прыбіральні. — Але ў кабінцы за вамі ніхто не назірае!”
Але вось на камеры ў клубе “Мулен Руж” бачная не толькі прыбіральня, але і пісуары, і хлопцы, занятыя справай. У клубе кажуць, камеры павесілі, каб прадухіліць супрацьпраўныя дзеянні. І ўжо прадухілялі.
“У нас вельмі многа было выпадкаў, калі дзякуючы камерам мы прадухілялі бойкі — у мужчынскай і нават жаночай прыбіральнях, крадзяжы, нават калі спрабуюць “гэтым заняцца” — таксама перашкаджаем. Але камеры вісяць выключна для бяспекі”, — завяраюць у клубе.
А вось для чаго вісяць камеры ў радзільні № 1 г. Мінска? Там і не хаваюць, што відэаназіранне ёсць у прыёмных аддзяленнях і радзільных залах. Старэйшая акушэрка прыёмнага аддзялення Наталля Віктараўна тлумачыць, што камера ў зале здымае парадзіху з галавы.
“Запіс месяц захоўваецца на флэшцы. Ён нам патрэбны, каб вырашаць розныя спрэчныя сітуацыі”.
Еўрарадыё: А як на гэта рэагуюць жанчыны?
Акушэр: Я нікога не папярэджваю, што ёсць відэа, у мяне на дзвярах вісіць шыльда, зробленая ў тыпаграфіі, што вядзецца відэаназіранне. Я не павінна пра гэта паведамляць. Пытанне некалькі разоў падымалася, але нам ніхто не забараніў здымаць відэа.
Што кажа закон: згодна з артыкулам № 18 закона "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, ніхто не мае права атрымліваць прыватную інфармацыю пра фізічную асобу супраць волі гэтай асобы. Папярэджанне можа быць і ў пісьмовым выглядзе.