Жанчына каля пад'езда дома зламала нагу і спагнала з камунальнікаў 8 тысяч

Кожная пятая траўма галалёдная (ілюстрацыйнае фота)

Кожная пятая траўма галалёдная (ілюстрацыйнае фота) / minsknews.by

Жыхарка рабочага пасёлка Сасновы Бор у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці, выходзячы з пад'езда дома, зламала нагу і спагнала з камунальнікаў 8 тысяч рублёў. Такое рашэнне прыняў суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.

Здарэнне адбылося 19 студзеня 2024-га. Па словах жанчыны, яна паслізнулася на ганку і ўпала. З пераломам левай нагі яе забрала "хуткая". Была праведзена аперацыя. Стацыянарнае лячэнне працягвалася да 6 лютага. Далей быў прыём лекаў і паўтара месяцы з мыліцамі.

Прычынай атрымання траўмы стала неналежная ўборка прыдамавой тэрыторыі жыллёва-камунальнай арганізацыяй. У прыватнасці была звернута ўвага на несвоечасовае выкананне работ па апрацоўцы ганка процігалалёдным рэчывам, што прывяло да ўтварэння на ім наледзі (сведкі пацвердзілі, што апрацоўку выканалі толькі ў другой палове дня). Іск аб кампенсацыі маральнай шкоды быў пададзены да камунальнага жыллёвага ўнітарнага прадпрыемства "Светач". Жанчына запатрабавала 8 тысяч рублёў, і суд яе падтрымаў.

Гэта не першы выпадак кампенсацыі за галалёдную траўму ў Беларусі. Раней такія былі ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці і ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Там жанчыны атрымалі па 10 тысяч рублёў кампенсацыі.

Статыстыка сведчыць, што жыхары нашай краіны штогод атрымліваюць каля 700 тысяч траўмаў. З іх галалёдныя складаюць 20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі