Журналіст Еўрарадыё стаў пераможцам прэміі імя Святланы Навумавай

Сёлета прэмію імя Святланы Навумавай, якую заснавала кампанія “Гавары праўду”, уручалі трэці раз. І гэта ўзнагароджанне лепшых, упэўнены сустаршыня журы прафесар Уладзімір Дунаеў, лепшае ўшанаванне памяці выдатнага палітолага і чалавека Святланы Навумавай.



Уладзімір Дунаеў: “У Святланы Навумавай быў рэдкі талент — уменне любіць, сябраваць і выклікаць гэтыя ж пачуцці ў адказ. Асабліва ў сваіх вучняў. І гэтая прэмія — такі помнік Святлане Андрэеўне, сведчанне любові і сяброўства ў адказ ёй”.

                                    Уладзімір Дунаеў



Сваё бачанне неабходнасці такой прэміі выказвае і сацыёлаг Алег Манаеў.



Алег Манаеў: “Нас усіх за апошнія 20 гадоў заціснулі, маргіналізавалі і ў палітычным сэнсе, і, на жаль, у прафесійным. І большасць выдатных людзей — ці то журналісты, ці то аналітыкі — калі і працуюць, то ў недзяржаўных структурах. І гэтая прэмія — адна з тых ініцыятыў, праектаў, нават форм жыцця, у якіх мы існуём, даказваем, што мы ёсць, што мы не горшыя, а шмат у чым і лепшыя за тых, хто нас пастаянна спрабуе заціскаць”.

                                    Алег Манаеў



На перамогу ў намінацыі “Журналістыка” паводле вынікаў папярэдняга галасавання прэтэндавалі рэдактар TUT.BY-ТБ Алёна Шарамет-Андрэева, карэспандэнт незалежнага тэлебачання “БелСат” Аляксандр Баразенка і спецыяльны карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук. Намінантаў вітала шэф-рэдактар газеты “Народная воля”, пераможца 2012 года Святлана Калінкіна.

                              Святлана Калінкіна



Святлана Калінкіна: “Усе размовы, што людзі з’едуць, што асяродак апазіцыйны маргіналізуецца, што дэградуе наша грамадства і мы разам з ім, абвяргаюцца прэміяй імя Святланы Навумавай. Кожны год новыя імёны, цікавыя імёны, з якіх нават цяжка выбраць лепшага”.



Летась лепшым у намінацыі "Журналістыка" стаў уласны карэспандэнт “Газеты Выборчай” па Беларусі Андрэй Пачобут. Сёлета лепшым журы называе карэспандэнта Еўрарадыё Змітра Лукашука.

                            Зміцер Лукашук

                Аляксандр Баразенка і Святлана Калінкіна

                  Святлана Калінкіна віншуе Алёну Шарамет-Андрэеву



На лепшага аналітыка намінаваліся палітолаг Беларускага інстытута рэформы і трансфармацыі публічнага адміністравання Іна Рамашэўская, малодшы аналітык BISS Аляксандр Аўтушка-Сікорскі і магістр міжнародных адносінаў Варшаўскага ўніверсітэта Рыгор Астапеня. Перамога дастаецца Іне Рамашэўскай — “самаму няшчаснаму беларускаму аналітыку”, паводле слоў Ігара Драко.



Ігар Драко: “Яна займаецца праблемай рэфармавання дзяржкіравання і тэхнічнага адміністравання. Уяўляеце сабе: чытаюць яе беларускія чыноўнікі і кажуць: “Ізноў гэта вылезла, ізноў вучыць нас, як трэба кіраваць, а мы ж так не хочам!” Але яна настойліва гэта робіць”.

   Ігар Драко і пераможца ў "Аналітыцы" Іна Рамашэўская



Лепшай у намінацыі “Надзея” стала каардынатар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” па Магілёўскай вобласці Аксана Самуйлава. Яе канкурэнтамі былі кіраўнік моладзевай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алег Корбан, актывіст "Маладога фронту" Уладзімір Яроменак.

                  Аксана Самуйлава

                Павел Вінаградаў віншуе Алега Корбана



Намінацыя “Задума года” ў гэтым годзе толькі і была задуманая новым сябрам кампаніі “Гавары праўду!” Настай Дашкевіч.



Наста Дашкевіч: “Хочацца не толькі дзякаваць людзям, якія шмат чаго зрабілі і заслугоўваюць вялікай пашаны, — хочацца таксама адзначаць і дапамагаць тым людзям, якія ў нашай супольнасці, у нашай краіне пачынаюць сваю справу. Гэта і ёсць галоўная ідэя гэтай намінацыі”.

                             Наста Дашкевіч

             Ад імя "Мовы ці кавы" віншаванні прымае Алесь Залеўскі



На перамогу прэтэндавалі курсы беларускай мовы “Мова ці кава”, інтэрактыўны вэб-сайт “Кошт-урада” і некамерцыйная платформа “Талака.бай”, якая і была названая лепшай. Найперш за тое, кажа Наста, што гэта — некамерцыйная і не палітызаваныя платформа, якая дапамагае актыўным людзям рэалізоўваць значныя для грамадства праекты.

                            Уладзімір Няклаеў і Уладзімір Дунаеў

Алёна Шарамет-Андрэева і лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч

Фота: Еўрарадыё, Svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі