Жыхар Барысава аддаў міліцыянерам гранату без чэкі
Жыхар Барысава аддаў міліцыянерам гранату без чэкі. Як інфармуе прэс-служба МУС, здарэнне адбылося 20 снежня каля 12:35. 45-гадовы мужчына падышоў да супрацоўнікаў Дэпартамента аховы проста на вуліцы і папрасіў дапамогі. Паводле яго слоў, ён хацеў пажартаваць над сябрам і выцягнуў з гранаты чэку. Але пасля яе згубіў. Не ведаючы, што рабіць, мужчына пайшоў шукаць міліцыянераў.
Сілавікі зафіксавалі чэку, паклалі гранату на зямлю, накрылі каскай і бронекамізэлькамі, ды выклікалі сапёраў. Месца здарэння ачапілі.
Сапёры высветлілі, што граната — муляж, які выкарыстоўваецца для гульні ў страйкбол, таму небяспекі не ўяўляе.
Жыхара Барысава затрымалі, з ім праводзяць следчыя дзеянні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.