Жыхарку Гомеля будуць судзіць за слова “рашысты”
Наталля Маркушэнка
Жыхарку Гомеля Наталлю Маркушэнка будуць судзіць за слова “рашысты”. Яна выкарыстала яго ў Instagram. Як піша homeldays.org, 26 снежня справу Маркушэнка разгледзіць Гомельскі абласны суд. Суддзя — Яўген Шаршнёў, вядомы вынясеннем палітычна матываваных прысудаў.
Наталлю Маркушэнка затрымалі ў чэрвені па абвінавачванні ў "распальванні варожасці". Ад таго часу яна знаходзіцца за кратамі.
У Следчым камітэце лічаць, што Маркушэнка "з мэтай распальвання сацыяльнай варожасці ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў... адмыслова размясціла каментар у адкрытым доступе". Яна напісала: "Беларускае кіраўніцтва нічога не будзе рабіць супраць рашыстаў! Яно ж імі корміцца".
Нядаўна беларускія праваабаронцы прызналі Наталлю Маркушэнка палітычнай зняволенай.
Тэрмінам "рашызм" часта называюць палітычны рэжым, які існуе ў Расіі з канца ХХ стагоддзя. У сваёй назве ён аб'яднаў два словы — "Расія" і "фашызм". Яшчэ летась прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гаварыў, што тэрмін "рашызм" будзе характарызаваць РФ у кнігах па гісторыі. Ва Украіне расійскіх акупантаў нярэдка называюць "рашыстамі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.