Зміцер Вайцюшкевіч запрашае на вялікі сольнік, прысвечаны 25 гадам на сцэне
Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць вялікі сольны канцэрт "25 гадоў на сцэне". Выступ адбудзецца 2 лістапада ў вялікай зале КЗ "Мінск". У святочнай імпрэзе возьме ўдзел WZ-Orkiestra, а таксама адмысловыя госці, імёны якіх будуць абвешчаныя пазней.
"Плануем вялікі канцэрт са святочным настроем і добрымі песнямі. Гэта будзе падарожжа праз розныя часы, гурты і праграмы. Прагучаць песні, якія ведаюць усе. Нават тыя, якія я ўжо даўно не выконваў", — каментуе музыка.
Зміцер Вайцюшкевіч — спявак і музыка, кампазітар і прадзюсар, уладальнік шматлікіх узнагарод і ганаровых званняў. Сваю кар’еру пачынаў у фолк-гурце "Палац" (1992-1998), потым разам з Веранікай Кругловай стаў адным з галоўных сімвалаў Kriwi (1997-2001). У дыскаграфіі Змітра больш за 15 альбомаў і канцэртных праграм на вершы вядомых беларускіх паэтаў: Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака і іншых. Шмат хто нават жартуе, што для прапаганды беларускай паэзіі Вайцюшкевіч зрабіў больш, чым міністэрства культуры.
Зміцер Вайцюшкевіч "25 гадоў на сцэне": 2 лістапада, КЗ "Мінск", 19:00. Квіткі: ад 20 да 28 рублёў.