Знакамітую “Троіцу” выгналі з рэпетыцыйнай базы “на вуліцу”

Знакамітую “Троіцу” выгналі з рэпетыцыйнай базы “на вуліцу”

Знакамітае беларускае этна-трыа “Троіца” зноў высяляюць з рэпетыцыйнай базы.

“Праз тыдзень вымятаемся на вуліцу”, — напісаў бубнач калектыву Юрый Паўлоўскі

 

“Мы маглі рэпетаваць у каморцы як аматарскі калектыў пры доме культуры, а замест аплаты гралі там канцэрты, — тлумачыць сітуацыю лідар калектыву Іван Кірчук. — Але дырэктарка нам адмовіла, не хоча нават, каб мы плацілі за арэнду. Яна возьме тых, хто будзе добра плаціць. Там, па сутнасці, і плаціць няма за што мы туды змяшчаліся толькі ўтрох, усё. Аднак там быў асобны ўваход, побач кальцавая — хлебнае месца… Месцаў хапае, але ўсе хочуць грошай. Будзем думаць”.


У “Троіцы” тысяча інструментаў з розных канцоў свету, якія выкарыстоўваюцца падчас канцэртаў. Насіць такую колькасць па розных рэпетыцыйных кропках пяць разоў на тыдзень немагчыма. Таму гурт заўсёды меў сталую базу, дзе праводзіў рэпетыцыі і захоўваў сваю рарытэтную калекцыю. Цяпер, кажа ў размове з Еўрарадыё новая дырэктарка Шчомысліцкага Дома культуры Алёна Анатолеўна, у памяшканні, якое раней займала "Троіца", будзе дзіцячы гурток: 


"Па дакументацыі яны нідзе не праходзяць — яны не арэндавалі, не былі гуртком, усё было на вуснай дамоўленасці з былой дырэктаркай клуба. Вышэйшае начальства сказала мне, каб такога не было. Пачаліся размовы пра маю папярэдніцу, што, маўляў, яны ёй плацілі ў кішэню, раз яна іх пусціла. Уяўляеце, як непрыемна! Цяпер паўсюль — няма паперкі, нічога не дакажаш. Мне лішні галаўны боль не патрэбны. Я разумею, што "Троіца" — нацыянальны гонар, але, паверце, на раёне і на горадзе гэты калектыў не вельмі праслухоўваецца. Іх рэпертуар заснаваны на старажытным фальклоры, але дзяцей, якіх я хачу далучаць да культуры, я на іх канцэрт не збяру. Іх музыка крыху рэжа слых".

 

Увогуле, гісторыя паўтараецца. Дагэтуль “Троіцу” “папрасілі” з Педуніверсітэта імя Максіма Танка, дзе выкладаў Іван Кірчук. У лідара гурта там была аўдыторыя-музей, дзе праходзілі заняткі і рэпетаваў гурт.


“Каманда, якая сама па сабе існавала, якая, згодна з інфармацыяй у прэсе, не вылазіць з-за мяжы, узнагароджаная Нацыянальнай прэміяй, раптам не мае месца рэпетаваць. Гэта я як чалавек з боку кажу, а не музыка, — працягвае Іван Кірчук, які аднак выступае супраць таго, каб праблема афішавалася. — Выглядае на тое, што гэта наша праблема, а не дзяржавы”.


Пакуль жа “Троіца” шукае новае памяшканне і рыхтуецца да прэзентацыі альбома, якая адбудзецца 11 траўня ў Вялікай зале філармоніі. Музыкі прадставяць новы альбом “Цар Агонь”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі