ЗША стварылі сакрэтную групу для выпрацоўкі адказу на выпадак ядзернага ўдару РФ
Рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША / Reuters
У ЗША сабралі групу экспертаў, якая выпрацоўвае меры ў адказ на выпадак рэзкіх крокаў Расіі. Гаворка ідзе аб магчымым выкарыстанні зброі масавага знішчэньня (хімічнай, бактэрыялагічнай або ядзернай). Аб гэтым піша New York Times.
У так званую "каманду тыграў" уваходзяць спецыялісты па нацыянальнай бяспецы. Яны ўжо з 28 лютага праводзіць імітацыйныя вучэнні — адпрацоўваюць магчымыя крокі ў адказ. Збіраюцца тройчы на тыдзень.
Крыніцы газеты кажуць, што група таксама прапрацоўвае рэакцыю на выпадак атакі Пуціна па тэрыторыі NATO — напрыклад, калі расійскія войскі рызыкнуць абстраляць калону, якая дастаўляе дапамогу Украіне. Эксперты таксама аналізуюць гатоўнасць Расіі напасці на суседнія краіны — у прыватнасці, Малдову і Грузію.
Чакаецца, што магчымыя сцэнары развіцця падзей у рэгіёне лідары краін NATO абмяркуюць у чацвер, 24 сакавіка, на пазачарговай сесіі ў Брусэлі. На гэтую сустрэчу прылятае і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.
ВВС адзначае, што сустрэча пройдзе за зачыненымі дзвярыма, без памочнікаў і мабільных тэлефонаў. І гэта будзе першая сустрэча кіраўнікоў краін НАТА пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.