Звальненне і скарачэнне ў дэкрэце: як абараніць свае правы ў Беларусі

Што рабіць, калі пасаду скарацілі, пакуль супрацоўніца была ў дэкрэце?

 

Што рабіць, калі пасаду скарацілі, пакуль супрацоўніца была ў дэкрэце?

  / @rubanau_collage

Галіна адна выхоўвае дзіця ў Мінску. Жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, і за гэты час па прадпрыемстве пракацілася хваля скарачэнняў.

— Кагосьці перавялі на іншае працоўнае месца, хтосьці звольніўся сам, хтосьці пайшоў на пенсію. Маю пасаду ліквідавалі. Са мной працягнулі кантракт і абавязаныя даць працоўнае месца пасля выхаду з дэкрэта. Але праца, якую мне прапанавалі, мне не падыходзіць — там змена пачынаецца а 5-й раніцы. А ў мяне няма каму дзіця вадзіць у дзіцячы садок, — распавядае мінчанка.

У аддзеле кадраў прадпрыемства жанчыне прапанавалі такі варыянт: пад канец дэкрэтнага адпачынку прыйсці і... звольніцца па пагадненні бакоў.

Цяпер Галіна не ўпэўненая ў сваіх правах і задаецца пытаннем: ці можа яна звольніцца ў сувязі са скарачэннем і разлічваць на матэрыяльную кампенсацыю?

У падобнай сітуацыі апынулася і Вольга: яе пасаду таксама скарацілі, пакуль яна знаходзілася ў адпачынку для догляду дзіця. Іншая пазіцыя ёй не падыходзіць. Вольга пракансультавалася з аддзелам працы выканкама, і там ёй сказалі, што ёй трэба звольніцца ў сувязі са скарачэннем і з выплатай адступных.

— Я адзінокая маці, а па законе мяне ў дэкрэце скараціць не могуць. Але ці можна скараціць мяне з маёй згоды? Ці мне трэба звальняцца па пагадненні бакоў? — трывожыцца Вольга.

Разабрацца з правамі беларусак у дэкрэце пры скарачэнні штата Еўрарадыё дапамог юрыст ананімнай бясплатнай платформы LegalHub, які ў тым ліку спецыялізуецца на працоўным праве.

Увольнение и сокращение в декрете: как защитить свои права в Беларуси
За жанчынай у дэкрэце захоўваецца працоўнае месца / pixabay.com

Для пачатку варта ведаць: калі жанчына сыходзіць з працы ў дэкрэтны адпачынак, працоўнае месца за ёй павінна захоўвацца. Таксама Працоўны кодэкс РБ (п. 1 ч. 3 арт. 268) наўпрост забараняе звальняць супрацоўніцу ў дэкрэце ў сувязі са скарачэннем пасады або штата.

Пасля заканчэння дэкрэту працадаўца павінен даць жанчыне тое ж месца працы, якое ў яе было на момант сыходу ў адпачынак для догляду дзіця.

Але што ж рабіць, калі за час адсутнасці жанчыны ў арганізацыі адбыліся змены?

"Перавод на іншую працу магчымы толькі з пісьмовай згоды работніцы (артыкул 30 ПК). Калі наймальнік прапануе перавод на іншую працу, якая работніцу не задавальняе, то наймальнік павінен прыняць меры па скарачэнні работніцы. Пры гэтым наймальнік абавязаны выканаць працэдуру звальнення, прадугледжаную артыкулам 43 ПК.

Пра звальненне ў сувязі са скарачэннем штата работніца павінна быць папярэджаная не менш як за два месяцы. Дадзены тэрмін папярэджання са згоды работніка можна замяніць выплатай грашовай кампенсацыі ў памеры дзвюх сярэднямесячных заработных плат. Пры звальненні па гэтай падставе згодна з артыкулам 48 ПК работніку належыць выхадная дапамога ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат", — тлумачыць юрыст LegalHub.

"Працаўніца мае поўнае права не падпісваць заяву аб звальненні па пагадненні бакоў і даць наймальніку магчымасць самастойна распачаць дзеянні па звальненні яе ў сувязі са скарачэннем штата", — падкрэслівае спецыяліст па працоўным праве.

У выпадках, калі жанчына выхоўвае дзіця самастойна, працоўнае заканадаўства (п. 2 ч. 3 арт. 268 ПК) забараняе скарачаць яе не толькі да заканчэння дэкрэтнага адпачынку, але і да моманту, калі дзіця пасталее да 14 гадоў.

“Пры гэтым няма ніякіх выключэнняў, якія б дазволілі скараціць такую работніцу з яе згоды, напрыклад. Гэта значыць, наймальнік у любым выпадку абавязаны забяспечыць яе працай, прычым па той жа пасадзе, якая была ў яе да сыходу ў дэкрэт. Любыя змены — перавод на іншую пасаду, змяненне графіка працы і гэтак далей — магчымыя толькі з захаваннем працэдуры пераводу, гэта значыць пры наяўнасці згоды работніцы (артыкул 30 ПК) або змены істотных умоў працы (артыкул 32 ПК)", — дае тлумачэнні юрыст LegalHub.
 

Мы ўдзячныя за садзеянне ў стварэнні матэрыялу службе "Адно Акно" — дапамога беларусам і беларускам у складаных жыццёвых сітуацыях. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі