Зяленскі: акупанты замініравалі дамбу Кахоўскай ГЭС і могуць яе ўзарваць
Уладзімір Зяленскі выступае з заявай / president.gov.ua
Расійскія акупанты замініравалі дамбу Кахоўскай ГЭС і могуць яе ўзарваць. Прычым, імі плануецца "тэракт пад чужым сцягам", заявіў у чацвер у звароце да Еўрапейскага савета прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
"Дамба гэтай ГЭС утрымлівае аб'ём каля 18 мільёнаў кубічных метраў вады, — гаварыў Зяленскі. — Калі расійскія тэрарысты ўзарвуць гэтую дамбу, то ў зоне хуткага затаплення апынуцца больш за 80 населеных пунктаў, уключна з Херсонам. Сотні тысяч людзей могуць пацярпець".
У выніку на поўдні Украіны можа быць арганізаваная маштабная катастрофа, якая закране і Запарожскую АЭС (вада для ахалоджвання бярэцца з Кахоўскага вадасховішча). Наступствы могуць быць такія, што іх назавуць "гістарычнай катастрофай", заявіў украінскі прэзідэнт.
Уладзімір Зяленскі заклікаў накіраваць на Кахоўскую ГЭС міжнародную назіральную місію, вярнуць на яе ўкраінскі персанал і забяспечыць прафесійнае размініраванне. Таксама 20 кастрычніка амерыканскі Інстытут даследавання вайны заявіў, што Расія стварае інфармацыйнае поле для атакі пад фальшывым сцягам на Кахоўскую ГЭС, каб апраўдаць або прыкрыць сваё адступленне з Херсоншчыны на левы бераг Дняпра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.