10 наступстваў, што чакаюць свет пасля выбараў у Грэцыі

Інтэрнэт-выданне Listverse апублікавала матэрыял журналіста-аналітыка Морыса М., які спрагназаваў 10 імаверных наступстваў, што могуць закрануць не толькі грэкаў, але і кожнага жыхара планеты, пасля перамогі СІРЫЗЫ на парламенцкіх выбарах.

1. Новая традыцыйнасць.

Існуюць меркаванні, што пераход да традыцыйнай эканомікі — гэта тое, што неабходна Грэцыі. А выхад з зоны еўра пераставіць Грэцыю на ўласныя рэйкі, што паспрыяе яе росквіту. І такі крок зможа ўспрыняцца іншымі краінамі як альтэрнатыва бясконцай эканоміі, піша Listverse.

2. Рост еўраскептыцызму.

Прыход да ўлады СІРЫЗЫ ў Грэцыі — добрая ўмова для з’яўлення папулісцкіх партый-еўраскептыкаў, якія заклікаюць палегчыць меры эканоміі і лібералізаваць эканоміку. Іспанская Podemos ужо будзе ўдзельнічаць у выбарах гэтага года. У Італіі і Вялікабрытаніі неверагодна растуць еўраскептычныя настроі. 

3. Ажыўленне крайне правых партый.

Калі СІРЫЗА не выканае сваіх абяцанняў і стане непапулярнай, уладу зможа (у тым ліку, гвалтоўна) пераняць крайне правы “Залаты світанак”, што можа стаць перадумовай да ажыўлення неафашысцкіх рухаў у Еўропе.

4. Тупік і катастрофа ў Грэцыі.

Калі ў новага парламента не атрымаецца абраць прэзідэнта, Грэцыю чакае палітычны тупік, які ў цяперашніх эканамічных умовах можа быць катастрафічным. Гэта расцягне эканамічны крызіс яшчэ на некалькі гадоў.

5. Узмацненне еўрапейскай эканомікі.

Калі нават “грэкзіт” — выхад Грэцыі з еўразоны, непазбежны, некаторыя эксперты мяркуюць, што такая падзея можа аздаравіць еўрапейскую эканоміку. Так, Der Spiegel параўноўвае еўразону з ланцугом, дзе Грэцыя з’яўляецца найслабейшым звяном, ад якога варта пазбавіцца, каб зрабіць ланцуг мацнейшым. 

6. Новы “Новы курс”.

Нягледзячы на тое, што СІРЫЗА прытрымліваецца крайніх левых поглядаў і выступае супраць палітыкі жорсткай эканоміі, гэта ўсё ж праеўрапейская партыя. У ідэале яны жадаюць застацца ў еўразоне, але змяніць стаўленне да мер жорсткай эканоміі. Такі курс нагадвае рузвельтаўскі “новы курс” і можа стаць стымулам для эканомік іншых краін.

7. Падзенне буйных еўрапейскіх эканомік.

Яшчэ 5 студзеня ў чаканні вынікаў выбараў у Грэцыі сталі падаць італьянскія і іспанскія аблігацыі. Разам з Партугаліяй гэтыя краіны маюць самыя няўстойлівыя эканомікі ў Еўропе. Калі адбудзецца “грэкзіт”, гэта імгненна павысіць рост выдаткаў па займах, што можа прывесці да калапсу такіх вялікіх эканомік, як, напрыклад, італьянская.

8. Канец палітычнай кар’еры Ангелы Меркель.

На працягу 10 гадоў нефармальным лідарам Еўрасаюза была Ангела Меркель. Але СІРЫЗА ўскосна можа разбурыць яе палітычную кар’еру.

Ёсць верагоднасць, што каб утрымаць Грэцыю ў еўразоне, Меркель пойдзе на фінансавыя саступкі для гэтай краіны, што можа выклікаць эканамічны крызіс ЕС. А такі крызіс пазбавіць яе моцных, у першую чаргу фінансавых, рычагоў улады. Так, напрыклад, ёй будзе больш складана падтрымліваць санкцыі супраць Расіі.

9. “Брэкзіт”.

Перамога СІРЫЗЫ не прывядзе аўтаматычна да выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза — “брэкзіта”. Але гэта можа прывесці да новага вітка палітычнай і эканамічнай нявызначанасці і нестабільнасці, што ў сваю чаргу паўплывае на зыход тамтэйшых выбараў у траўні. Калі адбудзецца “брэкзіт”, Заходнюю Еўропу аслабяць не толькі эканамічныя наступствы гэтай сітуацыі, але і “экзістэнцыйны” крызіс, таму што такая падзея можа стаць арыенцірам для іншых краін, якія імкнуцца выйсці з ЕС. 

10. Смерць еўра.

Калі СІРЫЗА справакуе “грэкзіт”. Гэта можа выклікаць моцнае падзенне курса еўра. Вялікая колькасць інвестараў на хвалях панікі пачнуць выводзіць капіталы з еўразоны, што запаволіць рост еўрапейскай эканомікі і перакіне грэчаскі крызіс на большасць краін ЕС. Адным з магчымых выхадаў можа стаць пераход краін на свае ўласныя грашовыя сістэмы. Ад гэтага пацерпяць не толькі краіны ЕС, але і ЗША з Канадай.

Фота: listverse.com, hellenicleaders.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі