12 пытанняў ад Кныровіча да Ціханоўскай, Латушкі і Цапкалы

Павел Латушка, Аляксандр Кныровіч, Святлана Ціханоўская / калаж Еўрарадыё
Павел Латушка, Аляксандр Кныровіч, Святлана Ціханоўская / калаж Еўрарадыё

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч, як і абяцаў на стрыме Еўрарадыё, падрыхтаваў спіс з 12 пытанняў. Іх ён накіраваў палітыкам — у Офіс Святланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, Форум дэмакратычных сіл, а таксама Дзмітрыю Шчыгельскаму і Вадзіму Пракоп'еву. "Афіцыйны адрас Зянона Пазняка пакуль не знайшоў. Але знайду", — дадаў Кныровіч.

Еўрарадыё публікуе 12 пытанняў, якія прадпрымальнік задаў асноўным дзейным асобам беларускіх дэмакратычных сіл. Ніжэй — ліст, які ён накіраваў у Офіс Ціханоўскай. Асноўны тэкст ліста да іншых палітыкаў аналагічны.

Са шчырай падзякай прымаю Ваша запрашэнне да ўдзелу ў канферэнцыі "Новая Беларусь". Паколькі я не прадстаўляю якой-небудзь палітычнай сілы, праграмы і сёння з'яўляюся хутчэй вядомым удзельнікам медыяпрасторы, блогерам, экспертам, то, для найбольш эфектыўнага ўдзелу ў будучым мерапрыемстве, я дазволіў сабе папрасіць маіх падпісчыкаў у сацыяльных сетках (каля 7,5 тысячы чал.), а таксама гледачоў "Еўрарадыё" (ахоп гэтага выпуску — 27,7 тысячы чал.) сфармуляваць тыя пытанні, якія іх сёння хвалююць і якія я абяцаў адрасаваць палітычным сілам — удзельнікам канферэнцыі.

На мой адрас паступіла больш за 100 зваротаў. Іх аналіз дазволіў мне сфармуляваць "12 пытанняў да палітыкаў". Я прэзентую іх Вашай увазе, і разлічваю на адказы ад Вас (Вашай арганізацыі) у любой зручнай адкрытай форме.

1. “Давер”

1.1. Што Вы (Ваша арганізацыя) збіраецеся зрабіць, каб спыніць публічнае "высвятленне адносін"? З Вашага пункту гледжання, ці з'яўляецца нейкі з варыянтаў "протапарламента" рашэннем гэтай праблемы? Калі "так", якім Вы бачыце парадак яго фармавання і функцыянавання? Калі "не" — якія альтэрнатыўныя магчымасці Вы бачыце?

1.2. За прамінулыя 2 гады Вы (Ваша арганізацыя) атрымлівалі фінансаванне пад праекты звязаныя з "інтарэсамі беларусаў"? Калі "так", ці гатовыя Вы даць справаздачу для "даверанага аўдыту па сутнасці"?

1.3. З Вашага (Вашай арганізацыі) пункту гледжання "Офіс Святланы Ціханоўскай" сёння — адна з шэрагу палітычных сіл альбо — кабінет "абранага лідара беларускага народа", іншае?

1.4. Якіх вынікаў Вы (Ваша арганізацыя) дамагліся за апошнія 2 гады (план/факт)?

2. "Новая Беларусь"

2.1.  Якое Ваша (Вашай арганізацыі) бачанне паняцця "Новая Беларусь"? Што менавіта Вы хочаце пабудаваць? У рашэннях, рэформах, лічбах.

2.2. Ці ёсць у Вас (Вашай арганізацыі) стратэгія на найбліжэйшыя 3 гады? Набор задач, якія вынікаюць з стратэгічных мэт, каманда, рэсурсы?

3. "Аператыўныя задачы"

3.1. Які Ваш (Вашай арганізацыі) план вызвалення палітвязняў?

3.2. Якое Ваша (Вашай арганізацыі) стаўленне да "Войска Новай Беларусі"? Калі Вы лічыце гэты кірунак працы неабходным, у чым канкрэтна Вы плануеце яго падтрымаць?

3.3. Ці маеце Вы (Ваша арганізацыя) план на выпадак "чорных лебедзяў": "галодны бунт", "смерць Сталіна", "перанос баявых дзеянняў на беларускую тэрыторыю"?

4. "Будучыня"  

4.1. Ці існуе ў Вас (Вашай арганізацыі) праект "культурнай ідэнтыфікацыі нацыі" (хто мы, адкуль, куды ідзём)?

4.2. Як Вы (Ваша арганізацыя) плануеце абараняць інтарэсы беларускіх дыяспар за мяжой? Ці ёсць асобная праграма?

4.3. Ці бачыце Вы (Ваша арганізацыя) неабходнасць у фармаванні "віртуальнай сеткі беларусаў" — лічбавай прасторы? Ці плануеце ўдзельнічаць у гэтай працы?

Я мяркую, што гэтыя пытанні патрабуюць глыбокага абмеркавання ў публічнай прасторы і не могуць заставацца без Вашай увагі, як і без увагі тых грамадскіх сіл, якія прэтэндуюць на званне "палітыка".

Разлічваю на адказ у любой зручнай для Вас форме.

З павагай, Аляксандр Кныровіч. Варшава 01.08.2022 г.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі