15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

Аднаго з самых шумных апазіцыйных прэтэндэнтаў у кандыдаты, Алеся Лагвінца, сёлета не зарэгістравалі. Ён збіраўся балатавацца па 101-ай сухараўскай акрузе Мінска. Але там сёлета цікава і без яго ― у акрузе балатуюцца адразу два кандыдаты, якіх можна лічыць роўнымі па сілах і ў аднолькавай ступені праўладнымі: дырэктар 31-гімназіі Ганна Старавойтава і дырэктар 56-ай школы Юрый Круглік. У дадатак ― яшчэ і сябра ЛДПБ Аляксандр Саўчанка.

Паназіраць за ходам выбараў іду на ўчастак у 31-ую гімназію. Субота, 10 верасня. Апошні дзень датэрміновага галасавання.

9.50

Дзесяць хвілін да афіцыйнага адкрыцця ўчастка. Заходжу ў пакой ― гэта вялікі школьны клас з перасунутай мэбляй. Ля дошкі стаяць дзве скрынкі для галасавання ― у адным памяшканні тут адразу два ўчасткі, 369-ы і 370-ы. Па пакоі ходзіць міліцыянт, цягае нейкія тумбы. Члены камісіі заўважаюць у маіх руках пашпарт, вырашаюць, што я прыйшоў аддаць свой голас і просяць выйсці за дзверы.

10.00

Рэгіструюся. Сябры камісіі перапісваюць усе дадзеныя з карткі акрэдытацыі, просяць таксама паведаміць пра дату нараджэння. Не ведаю, навошта яна ім. Мне паказваюць на дзве састаўленыя парты з чатырма крэсламі. На партах акуратная шыльдачка ― "Назіральнікі". Тут я сёння правяду 7 гадзін жыцця.

15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

10.20

Пачынаюць прыходзіць першыя выбаршчыкі. Адна з іх, бабуля інтэлігентнага выгляду, амаль адразу ўчыняе невялікі скандал. Яна перакананая, што можа тут атрымаць бюлетэнь нават нягледзячы на тое, што гэта не яе акруга. "Я тут хачу галасаваць! Адмацаванне трэба? Дык пазваніце ім на мой участак і хай яны вам скажуць. Я там толькі прапісаная, а жыву тут. Чаму так нельга? Я 20 гадоў у выбарчых камісіях прапрацавала і заўсёды можна было".

Настаўніцы, якія сядзяць у камісіях, ледзь выправаджваюць бабулю. Яна абяцае вярнуцца заўтра.

10.30

Яшчэ адзін ўсім незадаволены выбаршчык. "Хто такім почыркам запрашэнне піша? Маглі дзіцяці якому даць напісаць, было б больш зразумела. Нават назву горада не разабраць! Тут што, "Мінск" напісана? Хто так піша?" ― павучае настаўніц мужык. Атрымлвіае бюлетэнь, на секунду заходзіць у кабінку, кідае паперу ў скрынку і знікае. Я пачынаю шкадаваць настаўніц з камісіі.

11.00

Скончылася першая гадзіна галасавання. Прыйшло 17 чалавек. З нудоты на секундамеры падлічваю, колькі часу яны трацяць на ўчастку і ў кабінках. Атрымліваецца недзе каля 40 секунд на ўчастак і крыху больш за 15 ― на выбар свайго кандыдата ў кабінцы. Калі падлічыць, што на кожным з участкаў краіны каля 2000 чалавек, то ідэя з датэрміновым галасаваннем ужо не падаецца такой няправільнай. За адзін дзень гэтыя людзі дакладна не паспелі б прагаласаваць.

11.40

"Я хачу за сына прагаласаваць, ён у Егіпце. Сказаў, каб я за яго галасавала. Як нельга? Толькі ў амбасадзе? А дзе ж ён там яе шукаць будзе, ён жа думае, што я за яго тут прагаласую. Што рабіць?" ― наракае пенсіянерка.

Жанчыны з камісіі не паддаюцца. Ці то таму, што я тут, ці таму, што раптам з'яўляецца яшчэ адна назіральніца. Сядае побач са мной, але ўжо праз пяць хвілін сыходзіць гэтаксама нечакана, як прыйшла. Нават не паспяваю спытаць, хто яна і адкуль. Загадка.

15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

12.00

За дзве гадзіны на ўчастках 369 і 370 прагаласавалі 33 чалавекі. Ідуць раўнамерна, без вялікіх груп. Адно што, моладзі амаль няма.

12.40

"Чаму плакатаў так мала? Я нават запрашэння не атрымаў! За каго мне галасаваць, адкуль я даведаюся? Мінулы раз стэнд вялікі быў, цяпер нічога няма. А жонцы маёй як прагаласаваць, яна не ходзіць, дома ляжыць. Толькі заўтра можна дома? Я яе сёння павязу на вёску, не будзе заўтра яе тут", ― наракае пажылы мужык.

Стэнд з фотаздымкамі і кароткімі біяграфіямі кандыдатаў, дарэчы, на ўчастку ёсць. Вісіць ля ўваходу ў куце. Але інфармацыі для таго, каб можна было зрабіць свой выбар, там відавочна няшмат.

13.00

52 выбаршчыкі я ўжо налічыў. Людзей становіцца крыху больш. Парушэнняў не заўважаю, усё ціха, спакойна і амаль ідэальна.

13.30

Людзей становіцца заўважна менш, участак хутка закрыюць на перапынак. Заходжу ў інтэрнэт, бачу паведамленне адхіленага ад удзелу Алеся Лагвінца, які ходзіць па акрузе з памочнікамі і выкрывае фальсіфікацыі. Лагвінец піша, што сфатаграфаваў "карусельшчыц", групу жанчын, якія ходзяць з участка на ўчастак і галасуюць "як трэба". Нават фота выклаў. Капірую здымкі сабе ў тэлефон, буду адсочваць, ці не прыйдуць гэтыя кабеты на мае ўчасткі. Школа, ля якой Лагвінец злавіў махлярак, зусім побач. Сацыяльныя сеткі ўсё ж вельмі карысная часам рэч.

14.00

Расчараванне. Лагвінцовы "карусельшчыцы" так і не прыйшлі. А ў нас перапынак да 16-ай гадзіны. Усяго пакуль прагаласавалі 63 чалавекі. Выходжу ў калідор, чакаю, пакуль з памяшкання выйдуць усе члены камісій, а міліцыянт закрые дзверы ды павесіць пячатку. Чакаю хвілін 15. Настаўнікі з участка павыходзілі, дзверы закрылі толькі на ключ.

15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

16.00

Пасля перапынку прыходжу хвілін на 15 раней адкрыцця, раптам што ўбачу. Але, здаецца, нічога падазронага. Толькі што дзверы члены камісіі адкрылі сваім ключом, выйшаўшы з суседняга кабінета. Разважаю над тым, што пры жаданні падчас перапынку яны маглі б зрабіць са скрынямі амаль усё, што заўгодна.

Частка членаў камісій замянілася. Старыя людзі зніклі, з'явіліся новыя. Вывесілі новы дзяржаўны сцяг. Невялікі стары, які крыва звісаў над скрынкамі для галасавання, замянілі на вялікі, новы і прыгожы. Ён стаіць на пастаменце. Члены камісій абмяркоўваюць, як будуць працаваць ў асноўны дзень галасавання. Малады настаўнік, мой равеснік, наракае, што давядзецца "прыходзіць у 7.20".

16.35

Раскрытая таямніца невядомай назіральніцы, якая з'яўлялася на пяць хвілін у першай палове дня. Яна прыйшла зноў і затрымалася амаль на гадзіну. Аказалася, гэта давераная асоба дырэктара гімназіі Старавойтавай. Яна па-сяброўску перамаўляецца з настаўнікамі, час ад часу шушукаецца з імі па кутах і за дзвярыма ўчастка.

16.40

Адзін з выбаршчыкаў па дарозе да стала членаў камісіі спыняецца ля плаката з кандыдатамі, глядзіць на іх, потым пытае ў настаўніц:

― А Старавойтава, гэта дырэктар вашай гімназіі?

― Так.

― А тут яшчэ адзін дырэктар школы. Блін. І за каго мне галасаваць?

Сябры камісіі адводзяць вочы. Мужык бурчыць нешта сабе пад нос, бярэ бюлетэнь і хаваецца ў кабінцы.

 

15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

17.00

84 чалавекі. Падазрэнняў аб тым, што яны ідуць сюды прымусова, у мяне не ўзнікае. Як можна прымусіць чалавека ў выходны дзень ісці галасаваць.

17.20

Плынь людзей катастрафічна зніжаецца. Замест "Рускага Радыё" настаўніцы ўключаюць вялізны тэлевізар, ўстаўляюць туды флэшку і гучна ўрубаюць RnB. Здаецца, Beyonce. Яшчэ крыху і пачнуцца танцы. Нават шкадую, што я на працы.

17.30

"40 мільёнаў зарабіў за год? Гэта ж колькі за месяц, тры? Як можна за тры пражыць? І яшчэ ў дэпутаты ідзе, у дэпутаты. Ё-маё..." ― абмяркоўвае адзін з выбаршчыкаў кандыдата ад партыі Гайдукевіча.

17.40

На маіх участках невялікі шухер. Прыйшла назіральніца ад АБСЕ. З ёй перакладчыца і праважаты. Паміж назіральніцай і членамі камісіі, якія пачынаюць размаўляць на нядрэннай ангельскай, адбываецца такая размова:

― Як праходзіць кампанія?

― Добра, добразычліва.

― Людзей шмат?

― Не.

― А чаму так?

― Добрае надвор'е, усе на шашлыках.

Назіральніца яшчэ цікавіцца агульнай колькасцю выбаршчыкаў, ці шмат людзей дапісвалі ў агульныя спісы. Потым сядае побач са мной. Праз дзесяць хвілін назірання сыходзіць разам з усёй світай. Агулам АБСЕ прысутнічала на маім участку 17 хвілін і бачыла аднаго выбаршчыка.

 

15,4 секунды на выбар. Дзень на выбарчым участку

18.30

Людзей зусім вобмаль. Да закрыцця ўчастка 30 хвілін.

19.00

Сябры камісій вывешваюць на дошку пратаколы галасавання за дзень. Пытаюся, колькі яны выдалі сёння бюлетэняў выбаршчыкам. Мне неахвотна паведамляюць, што на 369 участку — 51, а на 370 ― 24. Агулам атрымліваецца 75 чалавек. Моцна здзіўляюся. У мяне ў запсіах іх 98.

19.10

Сыходжу. За маёй спіной міліцыянты цягаюць скрынкі для галасавання ў шафу. Адтуліны ў іх застаюцца незапячатанымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі