2500 беларускіх кампаніяў да 1 лістапада не заплацілі падаткі
Каля 2500 прыватных кампаній Беларусі да 1 лістапада не знайшлі грошай, каб цалкам заплаціць падаткі і ўнесці іншыя абавязковыя плацяжы ў бюджэт. Пра гэта піша інтэрнэт-выданне "Ежедневник", якое прааналізавала "чорныя спісы" Міністэрства па падатках і зборах.
У такой сітуацыі дзяржаўным фабрыкам і заводам можна разлічваць на пралангацыю тэрмінаў, канвертаванне ці нават спісанне запазычанасцяў. Прыватныя кампаніі на такія палёгкі разлічваць не могуць, таму або шукаюць грошы пад высокія адсоткі, або рыхтуюцца да працэдуры банкруцтва.
Прыкладна палова з прыватных кампаній, якія завінаваціліся бюджэту, прыпадае на Мінск. Паведамляецца, што сярод неплацельшчыкаў апынуліся прадпрыемствы групы "Унібокс", кампаніі Аляксандра Мураўёва, якога трымаюць у СІЗА КДБ ("МВЗ Інжынірынг", "МВЗ РамСтыл", "МВЗ Інтэр"), аператары сеткі крам "Родная старана", "НТС" і "Сучасныя рознічныя тэхналогіі", а таксама кавярняў Coffe Box "АйсКрымЛэнд".
Трапілі ў "чорныя спісы" вытворцы жаночай бялізны ампанія "Серж" і буйны вытворца і дыстрыбутар алкаголю "Белвінгруп". Не разлічыліся з бюджэтам вытворцы гігіенічных тавараў "Кампары" і "ДэнсіБел", пастаўшчыкі кліматычнага абсталявання "СТС-Клімат" і "Кліматофф", імпарцёры і прадаўцы парфумы і касметыкі "Далідовіч", "Дом натуральнай касметыкі" і "Аркада рытэйл". Трапіў у спіс неплацельшчыкаў і ўладальнік сеткі харчовых супермаркетаў Green, і Мінскі завод безалкагольных напояў, і нават футбольны клуб "Тарпеда-БелАЗ".
Фота: n1.by