30 розных Скарын: у кіно, на карцінах, марках, медалях і дзіцячых малюнках
6 жніўня спаўняецца 500 гадоў беларускаму кнігадрукарству. Менавіта ў гэты дзень 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе "Псалтыр" — першую друкаваную беларускую кнігу.
Як выглядаў першадрукар? Мы дакладна не ведаем. Ёсць толькі адзін прыжыццёвы партрэт Францыска Скарыны — ён змясціў яго ў сваіх кнігах. Яшчэ адзін партрэт — з фрэскі Рафаэля, з якім славуты беларус пасябраваў падчас вандроўкі па Італіі паміж 1512 і 1514 гадамі — таксама лічыцца некаторымі даследчыкамі прыжыццёвай выявай Скарыны.
У 1512 годзе Скарына атрымлівае ў Падуі ступень "доктара ў медыцынскіх навуках". Праз пяць гадоў ён адкрывае тыпаграфію ў Празе і пачынае выдаваць Біблію з аўтарскімі прадмовамі і пасляслоўямі.
Усе астатнія выявы Францыска Скарыны робяцца пасля яго смерці людзьмі, якія яго ніколі не бачылі. Фантазія і талент мастакоў рабілі першадрукара высокім і нізкарослым, хударлявым і поўным, вусатым і бязвусым:
Наконт таго, ці насіў Скарына вусы, зроблена нават не адно, а адразу некалькі даследаванняў. Гэтым пытаннем цікавіліся навукоўцы, якія вывучалі гравюры Скарыны, да яго звярталіся мастацтвазнаўцы Мікола Шчакаціхін і Віктар Шматаў.
Чэшскія даследчыкі нядаўна заявілі, што Скарына не меў вусоў. Але намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша сцвярджае, што ніякіх падставаў так лічыць няма, і чалавек з вусамі, выяўлены на скарынаўскай гравюры, і ёсць Скарына.