7 беларускіх фэстаў, што чакаюць вас у жніўні
За грошы і з вольным уваходам. Спяшайцеся, на адрыў застаўся ўсяго месяц!
На гэтым тыдні стала вядома пра адмену двух вялікіх музычных фэстаў. Адзін з іх — “Militar-2013” — быў запланаваны на 17 жніўня ў мінскім парку “Dreamland”. Другі — “ROCKachev” — мусіў адбыцца 24 жніўня ў Рагачове і стаць апошнім фэстам “без гастролек”. Арганізатары абедзвюх імпрэз наракаюць на непаразуменні з уладамі.
Але нават акрамя адмененых фэстаў у жніўні будзе дзе адарвацца. Еўрарадыё збірае звесткі пра самыя цікавыя беларускія фэсты апошняй траціны лета. Наша выснова: ёсць на што паглядзець і што паслухаць!
*****
3 жніўня на востраве ў Камсамольскім возеры (ля Парка Перамогі) пройдзе фестываль “Freaky Summer Party”. Арганізатары пазіцыянуюць яго як арт-пікнік “у лепшых еўрапейскіх традыцыях” з лозунгам “Перамога над сабой і абставінамі”. Наведвальнікаў свята чакаюць скульптуры з пяску, карысныя майстар-класы, зоны забаваў, гандлю і харчавання і сэты актуальных электронных музыкаў. Дарэчы, хэдлайнерам фэсту стане сяброўка Ігі Попа — вярхоўная жрыца электраклэша Peaches.
“Мы ўзмацняем зону майстар-класаў, дзіцячую зону, зону арта, будзе ўзмоцнена зона экстрэмальных гульняў ад нашых сяброў-партнёраў. І таксама мы ўзмацняем і звяртаем больш увагі на тую музыку, якая падабаецца нам як арганізатарам, і якую, да шчасця, ведаюць і любяць у Беларусі, але, на жаль, яе ніхто сюды не возіць. Маю на ўвазе менавіта хэдлайнераў”, — каментуе для Еўрарадыё арганізатарка пікніка Марыя Васільева.
“Freaky Summer Party” працягнецца 3 жніўня з 12:00 па 22:00. Пасля пікнік пяройдзе ў фармат трох after party. Кошты квіткоў: 150-200 тысяч рублёў.
*****
10 жніўня ў сталічным Парку Горкага адбудзецца “Relax Weekend”. Энергетычнай зонай фэсту стане вялікая сцэна, на якой выступяць маладыя і актуальныя мінскія каманды: Clover Club, Tok Rukoo, The Blackmail — а таксама госці з Расіі — Pompeya.
Парк Горкага ў гэты дзень будзе падзелены на некалькі зонаў: ад “Sport & aqua zone” з басейнам, валейболам, фрысбі ды “кракадзілаў” да тэатраў, кіно, выставы арт-аб’ектаў, маркета ды дзіцячых забаваў. Уваход на “Relax Weekend” вольны.
*****
10-11 жніўня на вёску Чычавічы (Магілёўская вобласць) абрынецца open-air “Седьмой приход”. На Магілёўшчыне высадзіцца магутны рок-дэсант на чале з “Дай Дарогу!” і TT-34. У межах фэсту выступяць таксама Nevma, “Блины”, “АвангардШкола”, Sex і адэсіты Epolets.
“Будуць розныя конкурсы, будзе працаваць харчовы аддзел з напоямі, ежай і півам, — распавядае пра інфраструктуру фэста адзін з арганізатараў Віталь Маісеенка. — Побач з месцам, дзе праводзіцца фэст, ёсць вадаём, дамкі, у якіх можна пасяліцца. Таксама можна будзе рабіць намёт. Хацелася б, канечне, каб не перашкодзіў фэсту дождж, як гэта было год таму. Я толькі што вярнуўся з “Соседнего мира: на другі дзень фэсту там была такая залева — проста жах!”
Квіток на фэст каштуе 110 тысяч рублёў. У дзень канцэрта кошт вырасце да 130 тысяч.
*****
Дарэчы, гурт Sex, праз які адмянілі “ROCKachev”, праз тыдзень пасля “Седьмого прихода” накіруецца на бераг Асіповіцкага вадасховішча, каб сыграць на “Роко-мото Пикник 2013”. Апроч гарачых рагачоўскіх хлопцаў, 17 жніўня на пікніку выступяць металічныя і альтэрнатыўныя каманды The Misteria, No Time To Die, Evil Fish, A'eteros, Nimata, "Неавстралия", Bedlam444, "Талісман", Endless Nameless, Steel RazoR, PunKrot, "Варона", Equilis.
Квіткі: 40 000 (папярэдне), 60 000 (у дзень мерапрыемства). Для дзяўчат і дзяцей да 10 гадоў уваход вольны.
*****
24 жніўня стане адрыўным для фэнаў фолка і метала. Аматараў новага этна чакаюць у Шаблях на фэсце “Вольнае паветра”. Сёлета на сцэнах культавага фестывалю пад адкрытым небам выступяць выканаўцы з Германіі, Расіі і Беларусі. Сярод выступоўцаў —бураты Namgar, курд Масуд Талібані і Awindar, беларусы Kriwi і Re1ikt. Хэдлайнеры “Паветра” — нямецкая каманда Feindrehstar і расіяне Theodor Bastard.
На тэрыторыі хутара Шаблі ў чарговы раз пройдзе нашумелы турнір па кіданні каровіных кізякоў, таксама госці фестывалю змогуць пракаціцца на 200-метровым тралеі, наведаць розныя забаўляльныя тэматычныя зоны і набыць сувеніры ручной працы. Кошт квітка – 160 тысяч. У дзень фэсту — 200.
*****
Metal Crowd Festival адбудзецца ў рэчыцкім СК “Надежда” 24-25 жніўня. На ім выступяць яскравыя прадстаўнікі экстрэмальнай музыкі з усяго свету. Сярод удзельнікаў — Gods Tower, Suidakra, Little Dead Bertha, Bill Skins Fifth.
Квіткі на фэст каштуюць ад 240 да 350 тысяч.
*****
Фэст эксперыментальнай музыкі “I Came I Saw I Died” пройдзе пад дахам клуба “Re:Public” 30 жніўня. Свае эксперыменты ў электронных і рокавых накірунках пакажуць каманды з Беларусі і Украіны:
blackpaperplanes, Аims, Calm Down, Detroit Hills і іншыя.
Квіткі: ад 70 да 120 тысяч.
*****
І яшчэ тры музычныя падзеі, якія крыху спазніліся на лета, але з усёй моцы чапляюцца за яго.
Завяршае летні фестывальны сезон (і адначасова адкрывае восеньскі) фестываль эксперыментальнай музыкі і этна-трансу Povidlo. Оpen-air пройдзе ў ноч на 1 верасня ў спорт-цэнтры ў Раўбічах. Шоў-праграма фэсту складацца з пластычных і эксперыментальных тэатраў, капаэйры, трайбла, фаер-шоў у спалучэнні з этна-трансам, чыл-аўтам і драм-н-бэйсам. Свае сэты рыхтуюць Port Mone, Shaman Jungle, Art-project “?!”, No Memory, “Первомир”, Dzivasil, Mad Therapist, зборная POVIDLO па fireshow, Eye, T(e)=Art і іншыя.
Квіткі на фэст можна набыць за 80 тысяч рублёў.
******
Фольк-фэст “Камяніца” і рок-фэст “Рок па вакацыях” традыцыйна ўспрымаюцца як імпрэзы, што падводзяць рысу пад беларускім фестывальным летам. Абодва пройдуць у верасні.
“Камяніца” сёлета мае адзначыць свой пяты дзень нараджэння, таму рыхтуе насычаную праграму і шмат цікавостак. Лайн-ап фэсту і падрабязнасці будуць абвешчаныя ў бліжэйшы час.
“Рок па вакацыях” перабіраецца з адкрытай пляцоўкі парка Dreamland пад дах клуба “Цэнтр”. На яго сцэне збяруцца “генералы айчыннага року” і тыя, хто імкнецца імі стаць: "Крама", "Палац", Neuro Dubel, Naka і інш.
Сустрэнемся!