7 дзіўных традыцый святкаваць Раство
25 снежня каталікі і прадстаўнікі некаторых іншых хрысціянскіх канфесій адзначаюць Раство. Сутнасць свята ва ўсіх краінах аднолькавая — адзначэнне нараджэння Ісуса Хрыста. Але атрыбуты часта настолькі адрозніваюцца, што часам не маюць ніякіх адносінаў да рэлігіі.
Прапануем вам 7 дзіўных традыцый святкавання Раства.
Еўлеўскі казёл. Швецыя
У шведскім горадзе Еўле ўжо паўстагоддзя перад Раством усталёўваюць велізарнага саламянага казла вышынёй 13 метраў. З часам такая традыцыя ператварылася ў іншую — спальваць гэтую “статую”. Прытым, нелегальна. Нягледзячы на супрацьдзеянне мясцовых праваахоўнікаў, вандалы знішчалі казла 28 разоў. Апошні раз было ў 2013 годзе. Цяпер за фігурай вядзецца відэаназіранне, і кожны на ўласныя вочы можа пабачыць стан еўлеўскага казла.
Каганеры. Каталонія
У Каталоніі ёсць такая традыцыя дарыць адно аднаму на Раство статуэткі “каганераў” — людзей, якія спраўляюць патрэбу “па-вялікаму”. Лічыцца, што такая фігурка прыносіць поспех. Каганеры там надзвычай папулярныя, іх ствараюць у выглядзе зорак шоубіза, палітыкаў і нават сваіх родных. Але найпапулярнейшымі, вядома, з’яўляюцца тыя, якія трымаюць сцягі незалежнай Каталоніі.
Ёльскія хлопцы. Ісландыя
У дзяцей Ісландыі ёсць традыцыя за 13 дзён да Раства ставіць ля акна пару свайго лепшага абутку. Лічыцца, што гэтымі начамі ў дамы прыходзяць 13 ёльскіх хлопцаў ці ёласвейнараў. Па адным — кожную ноч. У абутку яны пакідаюць добрым хлопчыкам і дзяўчынкам падарункі, а дрэнным — гнілую бульбу. Ад кожнага з ёласвейнараў можна чакаць пэўных непрыемнасцяў. Стэк’ярсцёйр, напрыклад, можа загубіць усіх авечак, Б’югнакрайкер — скрасці ўсе хатнія каўбасы, а Кертаснікер — скрасці ўсе калядныя свечкі.
Крампус. Аўстрыя
На Раство ў Аўстрыі да дзяцей прыходзіць не толькі Санта Клаус, але і Крампус. Ён мае выгляд дэмана, ходзіць па вуліцах і пужае дзяцей. Паводле павер’я, менавіта гэтае стварэнне можа прыйсці ў дом замест Санты і забраць дзіцё ад бацькоў, калі яно кепска сябе паводзіла.
Цяпер на вуліцах аўстрыйскіх гарадоў у ноч перад калядамі можна пабачыць натоўпы крампусаў, якія пужаюць недасведчаных турыстаў.
Паход у KFC. Японія
У Японіі Раство зусім не святкуюць. Але жыхары гэтай краіны настолькі апантаныя заходняй культурай, што ў апошнія гады да гэтага дня ўсё ж з’явілася традыцыя… наведваць рэстаран KFC. Традыцыя стала настолькі папулярнай, што ў Японіі цяпер негалосна гэты рэстаран называюць “калядным”.
Свята свечак. Калумбія
У Калумбіі 8 снежня, да дня Бязгрэшнага зачацця Дзевы Марыі, прынята ўпрыгожваць увесь дом свечкамі, якія мусяць стаяць да самага Раства. Цяпер гэтая традыцыя дасягнула неверагодных маштабаў і некаторыя гарады ператвараюцца ў цэлыя інсталяцыі.
Фестываль Ліхтароў. Філіпіны
У Філіпінах напярэдадні Раства ў гарадах праводзяцца фестывалі гіганцкіх ліхтароў. Найбольш вядомы — у горадзе Сан-Фернанда. Мясцовыя жыхары ўласнымі рукамі ствараюць яскравыя ліхтары, якія нагадваюць калейдаскопы, і ладзяць агнявыя спаборніцтвы.
Галоўнае фота: escapistmagazine.com