71-гадоваму акадэміку Давыдзенку і яго жонцы прысудзілі па 3 гады "хатняй хіміі"
Алег Давыдзенка з жонкай Наталляй Акцябрскай / сацыяльныя сеткі
Па тры гады "хатняй хіміі" прысудзілі 71-гадоваму члену-карэспандэнту НАН Беларусі Алегу Давыдзенку і яго жонцы Наталлі Акцябрскай, піша "Наша Ніва". Сямейную пару прызналі вінаватай у "актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК) і "абразе Лукашэнкі" (арт. 368 КК).
Справу разглядалі ў судзе Савецкага раёна Мінска. Вяла працэс суддзя Алена Жуковіч. Для разгляду справы і вынясення прысуду ёй хапіла аднаго дня.
Алега Давыдзенку з жонкай затрымалі зранку 2 лістапада. Нагодай для іх пераследу стала фота з пратэстаў 2020 года.
Да суда Давыдзенку трымалі пад вартай, а пасля зняволення звольнілі з Інстытута генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук.
Алег Давыдзенка — доктар біялагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі. На яго рахунку 300 навуковых работ, у тым ліку пяць манаграфій і адзін падручнік. Давыдзенка вывеў 19 гатункаў раслін. Таксама ён даследаваў геном карэннага насельніцтва Беларусі.
У 2020 годзе ён падпісаў ліст навукоўцаў супраць гвалту ў Беларусі і выйшаў з афіцыйнага прафсаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.