Абвешчаны збор грошай на новыя помнікі бацькам Васіля Быкава
Журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка абвясціў збор грошай на новыя помнікі для бацькоў Васіля Быкава і сястры пісьменніка Валянціны Уладзіміраўны. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Па падліках Лабадзенкі, на новыя помнікі спатрэбіцца каля 500 долараў.
"Пачаў збіраць грошы на новыя помнікі для бацькоў Васіля Быкава, а таксама на помнік для Валянціны Уладзіміраўны — сястры пісьменніка. За ўчорашні дзень студэнты менскай МОВА НАНОВА і яшчэ два неабыякавыя чалавекі з фэйсбука ахвяравалі 50 даляраў і 197 рублёў. Канчатковая сума за тры помнікі яшчэ ўдакладняецца, але яна павінна быць каля 500 даляраў паводле папярэдніх прыкідак. Далучайцеся, сябры!" — напісаў журналіст.
Помнікі на магілах бацькоў пісьменніка зробленыя з гранітнай крошкі. Тэрмін іх эксплуатацыі — 30-40 гадоў. Самі помнікі пачалі абсыпацца.
"Сваякі Васіля Быкава як могуць падмазваюць іх цэментам, але ад помніка мамы адвалілася фатаграфія, на помніку бацькі яе і не было. На гэтых помніках рускія надпісы. Падазраю, што сам Васіль Уладзіміравіч не займаўся гэтым пытаннем", — распавёў Лабадзенка ў каментары Радыё "Свабода".
Ён лічыць, што аднаўленне помнікаў сваякам Народнага пісьменніка мусіць стаць грамадскай справай.