Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі заснаваў "Медаль Няскораных"

"Жыць для Беларусі"

"Жыць для Беларусі" / t.me/CabinetBelarus/

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі заснаваў "Медаль Няскораных (Ларысы Геніюш)". Узнагароджваць ім будуць (у тым ліку і пасмяротна) беларусаў і замежнікаў "за значныя заслугі перад беларускім народам у барацьбе за правы чалавека і дэмакратычныя свабоды".

Медаль уяўляе сабой круглы медальён залацістага колеру, у цэнтры якога – партрэт Ларысы Геніюш. На ім — стужка, падзеленая на тры роўныя палосы, якія сімвалізуюць колеры беларускага нацыянальнага сцяга. На адваротным баку медальёна ў цэнтры ў промнях сонца размешчаны надпіс: "Жыць для Беларусі".

Аўтары праекта пішуць, што "у аснове сюжэту медаля — вобраз Ларысы Геніюш, няскоранай палітзняволенай у СССР, профіль якой выступае з цемры ў святло; яна аптымістычна глядзіць у будучыню, сцвярджаючы перамогу свабоды і дэмакратыі ў Беларусі". А надпіс на рэверсе, фрагмент яе верша, "сімвалізуе непахіснасць і вернасць паэткі нацыянальным і дэмакратычным ідэалам, фактычна яе запавет наступным пакаленням беларусаў".

"Асоба, у гонар якой названы медаль, — Ларыса Геніюш — сапраўдная беларуская гераіня, якая ніколі не схіліла галаву перад чэкістамі, выжыла ў лагерах, не прыняла савецкае грамадзянства і ахвяравала асабістым шчасцем дзеля Радзімы, — кажа прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык. — Захапляюся нашымі суайчыннікамі, якія сёння працягваюць яе справу. Вельмі важна адзначыць дасягненні нязломных беларусаў — тых, для каго правы чалавека — найвышэйшая каштоўнасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі