Актывіст Андрэй Шарэнда стаў фігурантам яшчэ некалькіх крымінальных справаў

Паліна і Андрэй Шарэнды з дзецьмі / 3beltv.eu​
Паліна і Андрэй Шарэнды з дзецьмі / 3beltv.eu​

Брэсцкі актывіст Андрэй Шарэнда, мяркуючы па ўсім, стаў фігурантам яшчэ некалькіх крымінальных справаў. Днямі да яго родных прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Пра гэта актывіст расказаў reform.by.

Сілавікі прыходзілі дадому да бацькоў Андрэя, а таксама ў ягоную кватэру, дзе ў той момант знаходзілася цешча. У бацькоў правялі агляд, у яго кватэры — ператрус. Цешчы паказалі дакумент, дзе згадвалася каля дзясятка артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Жанчына запомніла толькі два.

"Было ўказана, што праходжу падазраваным па ч. 2 арт. 361-2 КК. Гэта фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, я ведаю, што па гэтай жа справе праходзяць іншыя валанцёры ў Мінску. Імаверна, гаворка ідзе пра перадачу прадуктаў сем'ям палітвязняў", — мяркуе Андрэй Шарэнда.

Другі артыкул — 289, "Тэрарызм". Тут, магчыма, за падставу для справы ўзялі інцыдэнт на вузле сувязі ў Вілейцы.

У бацькоў Андрэя пыталіся пра яго месцазнаходжанне. Сілавікі спрабавалі ўгаварыць пажылых людзей паўплываць на сына.  

"Яны пераконвалі бацькоў, што мне трэба напісаць прашэнне аб памілаванні, што цяпер ідзе амністыя, згадвалі Дзень народнага адзінства, казалі, што калі я падпішу паперы, то магу вярнуцца ў Беларусь, мяне нават арыштоўваць не будуць, і Паліну выпусцяць, і мы нібыта зможам спакойна жыць", — кажа Андрэй Шарэнда. Ён падкрэсліў, што ніякіх прашэнняў пісаць не збіраецца.

Яго жонка Паліна Шарэнда-Панасюк была асуджаная на два гады пазбаўлення волі. Яе абвінавачвалі ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Брестский активист Андрей Шарендо стал фигурантом еще нескольких уголовных дел
Паліна Шарэнда-Панасюк / svaboda.org

Падчас працэсу Паліна заявіла, што не лічыць тое, што адбываецца, судом, таму што "палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць". Праваабаронцы прызналі яе палітвязнем. Прашэнне аб памілаванні яна таксама пісаць адмовілася.

У пары двое непаўналетніх дзяцей.

Раней, супраць Андрэя Шарэнды ўжо завялі дзве крымінальныя справы за "заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы" і "абразу прэзідэнта". 31 траўня мужчыну змясцілі пад хатні арышт, але Шарэнда змог з'ехаць з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі