Суд над Палінай Шарэндай-Панасюк: я не абвінавачаная, я палітзняволеная

Суд над Палінай Шарэндай-Панасюк: я не абвінавачаная, я палітзняволеная

7 чэрвеня у судзе Маскоўскага раёна Брэста пачаўся працэс па справе Паліны Шарэнды-Панасюк. Ёй пагражае да 6 гадоў калоніі.

Як піша "Наша Ніва", у залу суда пусцілі прыкладна палову з тых, хто прыйшоў падтрымаць Паліну. Праўда, сваякоў пусцілі. 

У прысутных запатрабавалі выключыць мабільныя. Магчыма, гэта наступства таго, што ў сеціве вельмі хутка з'явілася відэа з суда, дзе палітвязень Латыпаў рэзаў сабе горла. 

Паліну Шарэнду-Панасюк вінавацяь па трох артыкулах — арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў), арт. 368 (абраза прэзідэнта) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Ёй пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Пацярпелымі па справе праходзяць сем міліцыянтаў.

Жанчына адмаўлялася даваць паказанні стоячы. Паднялася яна толькі пад пагрозай выдаліць яе з залы суда. На пытанне, з якога дня яе трымаюць пад вартай, брастаўчанка адказала так: "Захопленая ў палон 3 студзеня". 

Яна неаднаразова заявіла, што не лічыць гэтае дзеянне судом: "Я вас не лічу судом. Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць". Калі да яе персанальна не звярталіся, Паліна паказальна чытала нейкую кніжку.

У абвтнавачанні гаварылася, што 29 снежня, каб абразіць двух міліцыянтаў патрульна-паставой службы, жанчына размясціла ў тэлеграм-канале "Брэст: чуткі і факты" відэаролік, дзе з мацюкамі называла іх карнікамі і фашыстамі. Гэтае відэа яна зняла ў той жа дзень падчас затрымання яе мужа.

Зачытваючы абвінавачанне, пракурор паведаміў, што падчас агляду жылля Шарэнда-Панасюк абразіла чатырох міліцыянтаў, а аднаму з іх плюнула ў твар і стукнула па левым плячы. З другога міліцыянта яна сарвала маску, падрапаўшы твар каля носа. Некаторыя абразы пракурор зачытаў, цэнзуруючы мацюкі: "міліцыя, ідзіце на х…", "прастытуткі", "курвы", "пайшоў на х… са сваімі следчымі дзеяннямі", "бандыты бандыцтвуюць" і гэтак далей.

Таксама яна выказвала нецэнзурныя абразы на адрас Аляксандра Лукашэнкі, але іх пракурор зачытваць чамусьці не стаў. 

Выслухаўшы абвінавачанне, Шарэнда-Панасюк заявіла, што гэта палітычны пераслед і зачытала маніфест: народ — суверэн, ён выбраў Святлану Ціханоўскую, у Беларусі ідзе вайна супраць народа, масачны рэжым выкарыстоўваецца бандытамі для ананімізацыі…

"Даць адпор бандыту — гонар і абавязак грамадзяніна. Я не абвінавачваная, я палітзняволеная. Патрабую спыніць гэты цырк", — заявіла брастаўчанка.

Пацярпелыя міліцыянты расказалі, як узламалі дзверы ў кватэру, бо абвінавачаная не хацела адчыняць. Яны паведамілі, што Паліна іх пастаянна абражала. У аддзяленні міліцыі Шарэнда-Панасюк ад тлумачэнняў адмовілася, замест подпісу напісала: "Факт палітычных рэпрэсій пацвярджаю".

Амапавец, якому жанчына плюнула ў твар, запатрабаваў кампенсацыю ў 2000 рублёў. 

Міліцыянты, якія трапілі на ролік Паліны, запатрабавалі па 1500 рублёў. Адзін распавёў, што паказаў ролік жонцы, тая сказала: гэта абраза, яна абражае цябе і сям’ю. 

"Дзякую міжнароднай супольнасці за ўвядзенне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і заклікаю да міжнароднага трыбунала!" — пракаментавала іх расповеды Шарэнда-Панасюк.

"Абвінавачаная, ці ёсць пытанні?" — звярнуўся суддзя.

"Вам не сорамна?" — адказала яму Паліна.

"Вы не можаце задаваць пытанні суду. Пытанні да сведкі?"

"Вам не сорамна?" — спытала жанчына ў сведкі.

"Пытанне здымаецца".

"Сумленне ёсць?"

"Пытанне здымаецца".

"Як у вочы сваякам будзеце глядзець?"

Суддзя зняў і гэтае пытанне. Потым абвясціў перапынак да 14.30.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі