Алег Дулуб ― пра два крэслы Крывушэнкі, беларускі футбол і фанатаў ва Украіне
Фота: Еўрарадыё
Былы настаўнік "Крумкачоў" і цяперашні трэнер львоўскіх "Карпат" Алег Дулуб пасля завяршэння сезона ва Украіне прыехаў у адпачынак дадому. З вядомым спецыялістам мы параўналі футбол у Беларусі і Украіне, паводзіны фанатаў і праваахоўных органаў, пагаварылі аб праблемах нашага чэмпіянату, пра гульню нацыянальнай зборнай і... пра хакей, які, на думку эксперта, не наш від спорту.
Еўрарадыё: Пакуль вы былі ва Украіне, ці сачылі за беларускім чэмпіянатам?
Алег Дулуб: Вельмі рэдка. Напружанне, якое было ва ўкраінскім чэмпіянаце, не дазваляла раздвойвацца. Я бачыў кубкавыя матчы брэсцкага "Дынама" з БАТЭ і гульню "Шахцёра" з БАТЭ. І ўсё. З гульцоў магу адзначыць каласальны прагрэс у Дзяніса Лапцева. Лапцеў раней і цяпер ― гэта два розныя гульцы, і ў гэтым я бачу заслугу Кубарава і яго трэнерскага штаба.
Еўрарадыё: Пасля прыезду ў Беларусь вы адразу наведалі два матчы. Нешта змянілася ў нашым чэмпіянаце, пакуль вас не было?
Алег Дулуб: Не ведаю, што змянілася. Але мне вельмі спадабалася атмасфера на стадыёне падчас матчу "Гарадзея" ― "Крумкачы", менавіта балельшчыцкі антураж прыхільнікаў абедзвюх каманд. Спадабаўся і ўзровень футбола гэтых дзвюх каманд: даволі агрэсіўны, хуткасны. Другі матч ― гэта гульня “Мінск” — “Тарпеда-БелАЗ”, там было больш размоў з сябрамі, якіх я даўно не бачыў.
Еўрарадыё: А за "Крумкачамі" сачылі, перажывалі?
Алег Дулуб: Перажываў, вядома, але не сачыў так, каб глядзець, як яны гуляюць. Нават ніводнага відэа не бачыў.
Еўрарадыё: На ваш погляд, у чым розніца беларускага і ўкраінскага чэмпіянатаў?
Алег Дулуб: Перш за ўсё, гэта асвятленне чэмпіянату, падача інфармацыі пра футбол з боку СМІ. Ва Украіне і Беларусі гэта неба і зямля. Другі момант, які радыкальна адрозніваецца, гэта наяўнасць ва Украіне суперсучасных стадыёнаў. У нас падобнага ўзроўню ― толькі "Барысаў-Арэна". І трэцяе ― гэта хуткасць гульні.
Еўрарадыё: Яшчэ хацелася б спытаць пра балельшчыцкі антураж...
Алег Дулуб: Калі я першы раз убачыў матч "Карпат" з "Валынню" у Луцку, у мяне яшчэ нават не быў падпісаны кантракт, я быў настолькі здзіўлены: на трыбунах фаеры, дымавыя завесы, паліцыя абсалютна адэкватная, ніхто нікога не затрымлівае, людзі прыходзяць сем'ямі, спакойна п'юць піва на стадыёне, і ніхто ім рукі не выкручвае. І той жа матч, калі мы нядаўна гулялі ў Львове з "Валынню" за права застацца ва УПЛ, быў такі антураж! Выходзіш на стадыён: спачатку чорныя фаеры заўзятараў "Валыні", толькі дым лёг, нашы фанаты запальваюць зялёныя фаеры. І пры гэтым усё бяспечна, ніхто нічога не забараняе і атрымліваецца футбол для гледачоў, які падабаецца заўзятарам.
Еўрарадыё: Вам як трэнеру гэта не перашкаджае?
Алег Дулуб: Не! Наадварот, мне гэта дае асаблівы драйв. Ты бачыш, што людзям гэта падабаецца, значыць, гэта элемент шоу. А калі вы забараняеце дым у нас, тады давайце забараняць яго і на канцэртах зорак эстрады, каб са сцэны таксама ён не ішоў. Паставіць усіх ў рамкі, каб не крычалі, а сядзелі і слухалі.
Еўрарадыё: Ва Украіне ёсць ціск з боку фанатаў, ён мацнейшы, чым у Беларусі? Вось, калі вы былі ў "Крумкачах", там на ўсё фанаты рэагавалі добразычліва...
Алег Дулуб: Акрамя "Крумкачоў", у мяне ў Беларусі было і мінскае "Дынама", і Гомель. І яно супастаўна з тым, што ва Украіне. Добрыя заўзятары, а ў "Дынама", Гомеля і "Крумкачоў" яны вельмі добрыя, перажываюць за каманду. Натуральна, калі ва Украіне фанат праехаў тысячу кіламетраў, а футбаліст ходзіць па полі, то ён можа і спытаць з яго.
Еўрарадыё: А пагрозы бывалі?
Алег Дулуб: На мой адрас ― не. Я настолькі ўдзячны заўзятарам "Карпат", таму што былі часы, калі я ад іх атрымліваў энергетычную падпітку. Мы гулялі апошні матч на восеньскім адрэзку, да 15-й ці 20-й хвіліны павінны былі выйграваць 5:0, але выйгравалі толькі 1:0. У выніку мы наогул прайгралі 2:3. Я вяртаўся дадому, разумеў, што хутка Новы год, наступны матч праз 2-3 месяцы, хоць звычайна гуляеш ад матча да матча, а тут наступнай гульні трэба чакаць так доўга. Я ішоў па Львове, падышоў нейкі абсалютна незнаёмы заўзятар і сказаў: "Вы ведаеце, мы так верым, што вы захаваеце каманду". І вось такія зносіны з людзьмі давалі мне падсілкоўванне, калі мне здавалася, што ўсё ўжо скончылася, няма шанцаў нават змагацца.
Еўрарадыё: Пытанне ад нашых слухачоў. На нарадзе ў Лукашэнкі было даручана загрузіць усе лядовыя палацы заняткамі з дзецьмі. У той жа час у футболе на дзіцячым узроўні страшнае падзенне вынікаў. Што трэба зрабіць, каб далі распараджэнне загрузіць усе футбольныя пляцоўкі? У Мінску страшна глядзець на палі каля школ і гімназій.
Алег Дулуб: Спачатку, каб правесці паралель паміж футболам і хакеем, скажыце, колькі ў нас лядовых палацаў пабудавана?
Еўрарадыё: Каля трыццаці.
Алег Дулуб: Давайце тады пабудуем 30 сучасных футбольных палёў, і потым будзем параўноўваць з хакеем. Але гэта няправільнае параўнанне. Для таго, каб нешта зрушыць, неабходная новая праграма падрыхтоўкі на ўзроўні зборных, якая будзе прывязаная да сучасных рэалій. Неабходны пільны адбор трэнераў па прафесійных якасцях. Гэта павінны быць вузкія спецыялісты па кожным ўзросце. Таксама павінен быць адбор дзяцей, якія прыдатныя для гульні ў футбол. Калі развалілася савецкая сістэма падрыхтоўкі, былі часы, калі мы не адбіралі, а набіралі людзей у прафесійныя клубы. А потым з іх спрабавалі зрабіць футбалістаў.
Еўрарадыё: Днямі футбольны агент Мікалай Шпілеўскі, які шмат гадоў жыве ў Германіі, у нас у эфіры выказваў меркаванне, што галоўная праблема сучаснага беларускага футбола ― гэта кадравы голад і кампетэнцыя тых спецыялістаў, якія ёсць. І ён прыводзіў прыклады працы нямецкіх акадэмій, дзе вялікі акцэнт робіцца, у тым ліку, і на медыцыне.
Алег Дулуб: Можа быць, у цэлым ― так. Але калі браць асобных спецыялістаў, то я не пагаджуся. Ён параўноўвае з Германіяй, а Германія ― гэта футбольная краіна. А Беларусь такой не з'яўляецца нават на дзяржаўным узроўні. Каб яна стала футбольнай краінай, патрэбная праграма развіцця на дзяржаўным узроўні. Гэта робіцца ў Ісландыі, у Фінляндыі, у Швецыі. Беларусь сама па сабе не хакейная краіна, а футбольная. Пачынаючы з савецкіх часоў, былі толькі два хакейныя клубы ― "Юнацтва", якое з'яўлялася пастаўшчыком талентаў у савецкія клубы, і "Дынама-Мінск", якое заўсёды было ўнізе турнірнай табліцы. Пры гэтым футбольная каманда "Дынама" была чэмпіёнам СССР. Было пяць каманд, якія гулялі ў першай і другой саюзных лігах. Канкуравалі пастаянна з украінскімі, расійскімі клубамі. Калі зрабіць нармальныя стадыёны, то, думаю, народ пойдзе на іх. Калі стадыён будзе па ўзроўні камфорту для заўзятара такі ж, як "Мінск-Арэна". Калі зрабіць, я утрырую, аб'яднаны расійска-беларускі чэмпіянат, у які запусціць, напрыклад, БАТЭ, "Дынама-Мінск", "Шахцёр", і да нас будуць прыязджаць каманды ўзроўню "Спартака", то тады, я думаю, стадыён "Дынама" будзе поўным.
Еўрарадыё: Гэта вы прапануеце футбольную КХЛ...
Алег Дулуб: Нельга параўноўваць чэмпіянат Беларусі па футболе з узроўнем КХЛ.Там гульцы зусім іншага ўзроўню, абсалютна іншыя бюджэты. Але гэта няправільна казаць, што хакеісты малайцы, а футбалісты ― не. Каб футбалістаў параўнаць з хакеістамі, трэба вывесці іх на адзін узровень падачы ўсяго.
Еўрарадыё: Больш за тое, футбол больш даступны для гульні, чым хакей.
Алег Дулуб: Вядома! Трэба падзяліць дзяцей на дзве каманды, кінуць па дзве цагліны, даць мяч ― гуляйце з раніцы да вечара. У хакеі ж патрэбная амуніцыя, лядовыя палацы. Гэта больш затратна. Футбол заўсёды быў відам спорту для пралетарыяту. Можа, я кажу груба, але футбол быў даступны для дзяцей, у бацькоў якіх невялікія даходы. І звычайна адтуль выходзілі самыя добрыя гульцы. Але я не прыхільнік таго, каб прама зараз забраць грошы ў хакея і аддаць футболу. Я кажу пра тое, што трэба падымаць фінансаванне футбола. Калі б фінансаванне было такім жа, як у хакеі, мы б мелі не толькі БАТЭ і "Дынама-Мінск" у групах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Мне здаецца, што мы б мелі там некалькі клубаў, мы б мелі больш моцныя клубы, больш моцны чэмпіянат, таму што, калі расце ўзровень лідараў, значыць, падцягваецца ўзровень і сераднякоў, і аўтсайдараў.
Еўрарадыё: Шпілеўскі распавядаў, што ў Германіі ў футбалістаў выхоўваецца псіхалогія воінаў: выходзіць на поле і змагацца з ворагамі. У беларускім футболе гэта ёсць, ці на поле мы такія ж талерантныя, як і ў жыцці?
Алег Дулуб: Луіс Скалары, калі прыйшоў у зборную Бразіліі, кожнаму гульцу падарыў кнігу Сунь-Цзы "Мастацтва вайны", каб гульцы разумелі, што такое вайна і як весці баявыя дзеянні. І Германія адрозніваецца ад Беларусі тым, што там усё пастаўлена на навуковай аснове. Калі ў нейкі каманды ёсць вынік, то яны пачынаюць вывучаць гэты вопыт і мэтанакіравана ўжываць яго, каб дасягнуць такога ж выніку. Таму яны маюць тое, што маюць.
Еўрарадыё: Мы ўзгадалі пра хакей. Вось цяпер там выступаюць за тое, каб у экстралізе ўвялі ліміт на маладых хакеістаў. Такі досвед будзе карысны беларускаму футболу?
Алег Дулуб: Такое ўжо было ў свой час, былі лімітчікі. Але гэта штучна выгадаваныя таленты. Год-два, і потым яны проста заканчваюць сваю кар'еру. Таму што свой рост яны пачынаюць не ў натуральным адборы, а для іх ствараюцца цяплічныя ўмовы. Пры гэтым футбаліст, які лепш, з-за ліміту сядзіць на лаўцы запасных. Калі ты сапраўды добры гулец, то павінен даказаць гэта сваёй гульнёй на футбольным полі. Таму я супраць абмежаванняў па ўзросце.
Еўрарадыё: А што з абмежаваннямі па колькасці каманд у Вышэйшай лізе. У нас іх 16, а ў значна большай па памеры Украіне ― толькі 12.
Алег Дулуб: Ва Украіне 25 абласцей, у нас ― 6. І яны сутыкнуліся з такой праблемай, што футбол ва Украіне, калі яны не пашырацца, ператворыцца ў чэмпіянат Кіеўскай вобласці, таму што большасць клубаў знаходзяцца ў сталіцы. У нас таксама быў пераход: 12, 14, 16. Калі рабіць 12, то мінімум 8 каманд будуць прадстаўляць Мінск і Мінскую вобласць. У выніку мы губляем цікавасць гледачоў у рэгіёнах. Мы і так ужо страцілі такія самабытныя каманды, як "Рэчыца", "Ліда".Таму 16 клубаў у Вышэйшай лізе ― гэта аптымальная лічба для Беларусі і 16-18 ― для Украіны. Таму што футбол ― гэта сацыяльны праект у межах любой краіны, які дазваляе дзяцей адводзіць з вуліцы, а агрэсіі, назапашанай у грамадстве, вылівацца на стадыёнах.
Еўрарадыё: Хутка нас чакаюць еўракубкавыя матчы. БАТЭ стартуе ў кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў, "Шахцёр", мінскае і брэсцкае "Дынама" ― у Лізе Еўропы. Якія шанцы ў нашых клубаў у гэтым годзе?
Алег Дулуб: Праходжанне да групы ― гэта элемент шанцавання па лёсаванні. Могуць трапіцца як моцныя каманды, так і сярэднія ці нават ніжэй па ўзроўні. Плюс гэта розны ўзровень гатоўнасці. У мяне перад вачыма стаіць мінскае "Дынама" 2014 года, калі мы прайшлі "Клуж", які за год да гэтага дома перамагаў "Манчэстар Юнайтэд", і "Насьяналь", які за два гады да нас абыграў "Зеніт". У нас тады ўсё склалася: і добрая каманда, і спрыяльны каляндар. І тут тая ж самая сітуацыя. Усе беларускія каманды, якія будуць гуляць у еўракубках, на дадзены момант лепшыя прадстаўнікі нашага чэмпіянату.
Еўрарадыё: Не магу не спытаць пра нашу зборную. На ваш погляд, такая ратацыя гульцоў, адмова ад ветэранаў апраўданыя?
Алег Дулуб: Я не думаю, што Крывушэнка адмовіўся ад правераных гульцоў. Ігар Мікалаевіч проста зрабіў псіхалагічны ход. Калі ў цябе каманда прайграла 0:3, 0:4, а ты робіш тое самае, што і да гэтага, то і вынік застанецца такім жа. Запрашэннем пачаткоўцаў ён усім паказаў, што незаменных няма. Другі момант ― матывацыйны. Матывацыя ў гульцоў, у якіх толькі скончыўся чэмпіянат Расіі, Турцыі, будзе нізкай. Людзям патрэбны адпачынак. А для многіх гульцоў з беларускага чэмпіянату, якія цяпер атрымалі запрашэнні ў зборную, гэта свайго роду аванс. Але калі браць у цэлым, то зборная ― гэта не месца для эксперыментаў. У ёй павінны гуляць самыя моцныя гульцы на дадзены момант, не зважаючы ні на ўзрост, ні на прыналежнасць да чэмпіянату.
Еўрарадыё: А наколькі нармальна, што зборнай кіруе трэнер, які адначасова трэніруе каманду з беларускага чэмпіянату?
Алег Дулуб: Гэта пытанне не да мяне, а да федэрацыі. На двух крэслах усядзець нельга ― завалішся і з першага, і з другога. Гэта я выразна зразумеў.
Еўрарадыё: Ці застаецца ў вас час на адпачынак для душы, якія кнігі чыталі і якія фільмы глядзелі ў апошні час?
Алег Дулуб: Апошнім часам чытаю кнігі на футбольную тэматыку. Вось, прачытаў трэнерскую філасофію Марсэла Бьелса, аўтабіяграфію Анчалоці, якая вельмі ў тэму трапіла, калі я знаходзіўся ў "Карпатах". Цяпер чытаю "Ёхан Кройф. Пераможца і тыран". У ёй знаходжу вельмі шмат адказаў на пытанні, якія не мог зразумець, што ж адбывалася ў тых жа "Крумкачах" ці "Карпатах". З фільмаў... Гляджу ваенныя серыялы, назіраю за паводзінамі людзей у экстрэмальных сітуацыях. Некалькі разоў пераглядаў "Апостал". У любога чалавека шмат схаванага патэнцыялу, і ўмовы, у якія яго ставіш, могуць раскрыць гэты патэнцыял. Значыць, гэтым усім трэба ўмець кіраваць.