Алексіевіч: нам трэба было не сыходзіць з вуліцы, пакуль не сышоў Лукашэнка
Пісьменніца Святлана Алексіевіч у вялікім інтэрв'ю Deutsche Welle (першая і другая часткі) прааналізавала беларускія падзеі 2020 года.
Цяпер Алексіевіч жыве ў Германіі. Яна кажа, што пасля затрымання амаль усёй Каардынацыйнай рады зразумела, што вярнуцца на радзіму не можа. У эміграцыі яна піша кнігу пра беларускі пратэст.
Па яе словах, людзі, якія выходзілі на маршы, не думалі ні пра якое ўзброенае паўстанне, а радаваліся і захапляліся сваімі блізкімі, сваімі аднадумцамі.
"Раней кожны жыў у сабе і не ведаў, што нас так шмат. Мы нарэшце ўбачылі гэта і ўзрадаваліся. А потым, вядома, страцілі час. Трэба прызнаць, што кіраўніцтва пратэстамі як такога не было. Каардынацыйная рада не кіравала тым, што адбывалася. А нам трэба было не сыходзіць з вуліцы, пакуль бы не сышоў Лукашэнка", — прызнае памылку Алексіевіч.
Разам з тым яна лічыць правільным, што беларускі пратэст быў мірным, бо гэта дало пратэстоўцам маральную перавагу: "Нас немагчыма было расцерці, як плошча Цяньаньмэнь у Кітаі. А інакш мы далі б яму права гэта зрабіць. І першай загінула наша лепшая моладзь".
Сама Алексіевіч кажа, што ёй бліжэй гандызм і таму яна разумее Марыю Калеснікаву, якая спыняла шэсце за сотні метраў ад рэзідэнцыі Лукашэнкі: "Як і яна, я не хацела крыві. Ніколі не хацела быць лідарам, які павядзе народ на кроў. Я не змагла б сказаць гэта сваёй дачцэ і тым больш чужым дзецям". Яна перакананая, што Лукашэнка б не спыніўся перад ужываннем зброі супраць уласнага народу.
Пісьменніца лічыць, што беларускі народ у сваім развіцці перагнаў уладу. І новых лідараў, здольных аднавіць краіну, на яе думку, не бракуе: "Я думаю, і Калеснікава, і Ціханоўская, і Бабарыка. Ёсць людзі. Лічу, што Бабарыка ў цэлым быў бы выдатным менеджарам, і ён аднавіў бы разваліны, у якія сёння пераўтвораная краіна. Бо мала таго, што яна разбурана эканамічна, — уся духоўная аснова разгромлена. Са школ, універсітэтаў выганяюць найлепшых выкладчыкаў. Тое ж самае робіцца ў медыцыне, на заводах. Можна казаць пра гуманітарную катастрофу. Народ трэба падымаць, а не апускаць. А нас 26 гадоў апускалі ўніз".
Выказалася Алексіевіч і пра адносіны з Расіяй. Яна мяркуе, што з Расіяй трэба выбудоўваць нармальныя суседскія адносіны — раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя.
У Германіі Алексіевіч ужо год працуе над кнігай пра беларускі пратэст. У тым ліку, яна шукае адказ, адкуль у беларусах узялася жорсткасць адзін да аднаго. Яна прызнаецца, што адзін раз выкарыстоўвае ў кнізе цытаты з дзяржаўнага тэлепрапагандыста Рыгора Азаронка. "Гэта не журналіст — ён правакатар, які падымае ўсе гэтыя гадасці з цемры чалавечай", — кажа пісьменніца
Яна не выключае, што "ябацькі", якіх ацэньвае ў 20% насельніцтва, гатовыя на вайну.
"Мая аднакурсніца распавяла, што яна выпадкова сустрэлася з іншай нашай аднакурсніцай, у якой унук працуе суддзёй. "Якое няшчасце, што Сярожа апынуўся суддзёй цяпер. Як гэта, напэўна, цяжка і страшна", — паспачувала яна. На што наша аднакурсніца спакойна адказала: "Нічога падобнага, мой Сярожа робіць кар'еру".
Мы думалі, можа быць, жонкі паўплываюць на сваіх мужоў, якія працуюць у сілавых структурах. Як можна ляжаць у адным ложку з чалавекам, які мучыў людзей, глядзець, як ён гладзіць тваё дзіця? Кажуць, у першыя дні яны атрымлівалі вялікія грошы, а потым, калі іх абмакнулі ў кроў, можна было ўжо не плаціць такія сумы. Калі ўсё пачыналася, у крыві быў адзін чалавек, а цяпер — яны ўсе", — канстатуе Алексіевіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.