Алімпійскага чэмпіёна з РФ Яўгена Рылава адхілілі ад міжнародных турніраў
Яўген Рылаў на мітынгу ў "Лужніках" / РІА Новости
Двухразовы алімпійскі чэмпіён, расійскі плывец Яўген Рылаў у найбліжэйшыя дзевяць месяцаў не зможа ўдзельнічаць у міжнародных турнірах. Рашэнне пра яго часовае адхіленне прыняла дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі плавання (FINA).
На думку FINA, Рылаў парушыў правілы Федэрацыі, калі паўдзельнічаў у прапагандысцкім мерапрыемстве з удзелам Уладзіміра Пуціна 18 сакавіка на стадыёне "Лужнікі". Мітынг быў прысвечаны гадавіне анексіі Крыма.
Рылаў пакуль не змог сказаць, ці будзе апратэстоўваць гэтае рашэнне.
"Мае юрысты ўзяліся за працу з гэтай сітуацыяй, мы ўважліва вывучаем сутнасць справы і прэтэнзіі ў мой адрас. Ці буду я падаваць апеляцыю? Паглядзім! Мы працуем над гэтым, пакуль без каментароў", — сказаў Рылаў у інтэрв'ю "Спорт-экспресс".
Рылаву цяпер 25 гадоў. З апошняй Алімпіяды ў Токіа ён прывёз тры медалі: два залатыя і адзін срэбны. У яго таксама ёсць бронза Алімпійскіх гульняў-2016 у Рыа-дэ-Жанейра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.