Аляксандр Казулін, нягледзячы на перашкоды, у час даехаў да калоніі
- Аляксандр Казулін за паўгадзіны да ад'езду ў калонію (фотарэпартаж)
За адну хвіліну да ўстаноўленага адміністрацыяй калоніі "Віцьба-3" тэрміну прыехаў Аляксандр Казулін. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Сяргей Скрабец, які суправаджаў палітвязня.
Сяргей Скрабец: "Усё кіраўніцтва калоніі выйшла сустракаць. Машынамі ДАІ кругом усё было ачэплена. Таму мы заляцелі... Брама адкрылася першая і закрылася за намі... Сказалі: "Праходзьце". Забралі Казуліна і павялі за краты. Мы з ім развіталіся. Што ён казаў? "Сустрэнемся на свабодзе", сказаў. Спадзяецца, што ва ўлады пераможа розум і яна не будзе трымаць яго за кратамі яшчэ тры з паловай гады".
Нагадаем, што аўтамабіль, у якім ён ехаў разам з сябрамі і сваякамі, спыняла ДАІ. Вось што тады распавядаў Еўрарадыё па тэлефоне Сяргей Скрабец:
"Нас спынілі на павароце каля Кургана Славы. За перавышэнне хуткасці. 20 хвілін трымалі. Хаця Казулін выйшаў з машыны і сказаў, што ён спяшаецца ў турму, што ён зняволены. На гэта яму старшы лейтэнант Трыгубовіч сказаў, што туды спяшацца не трэба. На кіроўцу склалі пратакол, паставілі парушэнне ў правы. Там было відаць, што ў машыне ДАІ сядзеў яшчэ адзін чалавек, які кіраваў гэтым старшым лейтэнантам. Праз 20 хвілін адпусцілі".
Паводле словаў Скрабца, за аўтамабілем рухаліся дзве машыны, у якіх, як ён мяркуе, знаходзіліся супрацоўнікі спецслужбаў.