Аляксандр Кулінковіч стварыў новы акустычны праект з песнямі пачатку 90-х

Аляксандр Кулінковіч стварыў новы акустычны праект з песнямі пачатку 90-х

Аляксандр Кулінковіч стварыў новы праект, які атрымаў назву “Велосипедистов”. На гэты крок лідара Neuro Dubel падштурхнулі аматары гурта, якія даўно просяць падрыхтаваць акустычную праграму.

“Выканаць яе “дзюбелеўскім” складам не атрымлівалася, бо ў аднаго панос, у іншага — залатуха, — тлумачыць Аляксандр. — А тут некалькі энтузіястаў са мной на чале вырашылі падняць песні 90-х гадоў, якія былі запісаныя ў такіх хатніх альбомах, напрыклад, “Битва на мотоциклах”. Некаторыя песні мы спрабавалі пераспяваць у электрычнасці ўжо гэтым складам Neuro Dubel, але атрымлівалася шняга. Напэўна, не ў тым гуку і не ў той час яны выконваюцца”.

Гурт “Велосипедистов” складаецца з трох чалавек. Тамбурын і джамбей возьме басіст Neuro Dubel Віталь Броўка, гітару — сябра Кулінковіча Дзяніс Кукоўскі, а спяваць будуць усе разам.

“Мы крыху вярнуліся ў 90-я, для нас гэтая тэма і гэты час вельмі блізкія, — прызнаецца Аляксандр. — Па вялікім рахунку, мы і запрашаем на выступ тых, каму таксама блізкая тэма настальгіі ды тэма выпіць і паплакаць”.

Прэзентацыя гурта “Велосипедистов” адбудзецца 8 красавіка ў клубе “ili”. На канцэрце будзе выканана больш за 30 песень, сярод якіх не толькі трэкі Neuro Dubel пачатку 90-х, але і дастаткова новыя кампазіцыі (“Гузік”, “Раз, два, три”, "Свабода") ў іншай інтэрпрэтацыі.

А ўжо 19 красавіка можна будзе пабачыць звыклы Neuro Dubel у поўным складзе. Гурт сыграе “душэўны і кантактны” канцэрт у клубе “Графіці”, падчас якога будзе “гукаць сонца”. Квіткі: ад 200 да 300 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі