Аляксей Навальны павіншаваў Алеся Бяляцкага з Нобелеўскай прэміяй

Аляксей Навальны / ТАСС
Аляксей Навальны / ТАСС

Расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны павіншаваў праваабаронцаў Беларусі, Расіі і Украіны з прысуджэннем Нобелеўскай прэміі міру. Віншаванні ён апублікаваў у Instagram.

Навальны папрасіў прабачэння за спазненне — ён цяпер знаходзіцца ў калоніі. Расійскі суд асудзіў яго на 9 гадоў пазбаўлення волі за "махлярства ў асабліва буйным памеры" і "непавагу да суда".

"Мае віншаванні Алесю Бяляцкаму, беларускай "Вясне" і ўсяму беларускаму народу, замкнутаму сваёй уладай у адно велізарнае ШІЗА. Свабода прыйдзе, і вясна прыйдзе", — напісаў Навальны.

Ён таксама прызнаўся, што, калі б яго спыталі, каму даць Нобелеўскую прэмію міру, ён адказаў бы: расійскаму "Праваабарончаму цэнтру "Мемарыял". Па словах Навальнага, "гэта вялікая арганізацыя. Там працавалі і працуюць цудоўныя і легендарныя людзі. Яны і такія, як яны, — надзея нашай краіны". Навальны павіншаваў і ўкраінскіх праваабаронцаў з "Цэнтра грамадзянскіх свабодаў".

Нобелеўскую прэмію міру сёлета прысудзілі праваабаронцам з Беларусі, Расіі і Украіны за тое, што яны "прыклалі выбітныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі".

Алесь Бяляцкі таксама знаходзіцца ў зняволенні. Яго затрымалі ў мінулым ліпені. Улады абвінавачваюць праваабаронцу ў кантрабандзе і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Праваабаронцу пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі