Амапаўцы абстралялі машыну з наркаманамі, каб спыніць яе (відэа)

Амапаўцы абстралялі машыну з наркаманамі, каб спыніць яе (відэа)

30 красавіка каля 4-й гадзіны раніцы супрацоўнікі АМАП абстралялі аўтамабіль. Кіроўца машыны спрабаваў уцячы, ігнаруючы ​​відавочныя, законныя і неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні, паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама. 

Міліцыянты атрымалі аператыўную інфармацыю, што два жыхары Слуцка збіраюцца прывезці са сталіцы наркотыкі. Затрымаць іх вырашылі пры вяртанні ў Слуцк. Інспектар ДАІ спыніў машыну, але кіроўца кінуўся ўцякаць, калі пабачыў, што да яе бягуць амапаўцы і аператыўнікі. Тады стрэлам з карабіна "Сайга" праваахоўнікі прабілі кола аўто.

Выявілася, што два жыхары Слуцка, 38 і 25 гадоў, купілі наркотыкі ў адной з інтэрнэт-крамаў. Закладка была зробленая на тэрыторыі Мінскага раёна. Яны папрасілі знаёмага звазіць іх у сталіцу, не паведамляючы яму дэталі і мэту паездкі. Па словах кіроўцы, толькі пры вяртанні ў Слуцк ён стаў здагадвацца, куды вазіў знаёмых, калі пабачыў, што пасажыры разгарнулі нейкі скрутак і падзялілі яго змесціва напалам. Ён папярэдзіў пасажыраў,што калі гэта тое, пра што ён думае, то яны хутка дагуляюцца. 

Каля Слуцка кіроўца заўважыў, як інспектар ДАІ загадвае яму спыніцца. Пакуль машына тармазіла, адзін пасажыр перадаў другому сваю частку наркотыку і загадаў на ўсялякі выпадак выкінуць яго. Але той, напэўна, пашкадаваў наркотык і кінуў цыгарэтны пачак з ім у дзвярную кішэню аўтамабіля... 

Цяпер на пасажыраў пачалі крымінальную справу за незаконнае захоўванне наркотыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі