Амбасада Ізраіля дала магчымасць кожнаму беларусу наведаць Святую зямлю

Чарговы фестываль ізраільскага кіно пачаў працу сёння ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны”. Дыпламаты і палітыкі, кінакрытыкі і блогеры, журналісты і проста аматары добрых фільмаў сёння не толькі пакаштавалі “кашэрных” страваў і сухога віна, але і пазнаёміліся з першай стужкай фэсту — “Закінутыя выспы” рэжысёра Рэшэфа Леві.







Але на пачатку паказу перад гасцямі фестывалю выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Дзяржавы Ізраіль у Беларусі Эдуард Шапіра. Дыпламат папрасіў прабачэння за тое, што сёлета фэст працягнецца толькі тры дні, але паабяцаў, што кароткі тэрмін кампенсуецца ўзроўнем стужак. І назваў апошнія дасягненні ізраільскіх рэжысёраў яшчэ адным ізраільскім цудам.

Эдуард Шапіра: “Тое, што зараз адбываецца з ізраільскім кіно, на маю думку, з’яўляецца яшчэ адным ізраільскім цудам. У Ізраілі шмат цудаў. Ды і само існаванне Ізраіля ў пэўнай ступені з’яўляецца цудам — як і дасягненні ізраільскага кіно. Бо па-іншаму цяжка ацаніць той усплёск творчасці, які прадстаўлены сёння ў ізраільскім кінематографе. Няма сёння такіх кінафестываляў, на якіх бы ізраільскія стужкі не адзначаліся самымі высокімі ўзнагародамі”.



І нагадаў, што ізраільскія фільмы ўжо 9 разоў адзначаліся прэміяй “Оскар” у намінацыі “Найлепшы замежны фільм”. Першае месца, праўда, пакуль не занялі, але ў пяцёрку лепшых уваходзілі. Таксама амбасадар падзякаваў усім, хто захоча пазнаёміцца з арыгінальным і цікавым феноменам — ізраільскім кіно.

У адказ намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі адзначыў, што кожная культурная імпрэза, якую ладзіць амбасада Ізраіля, становіцца значнай культурнай падзеяй. Паводле яго словаў, кожны беларус марыць трапіць у Ізраіль. Не ў кожнага, праўда, атрымліваецца спраўдзіць мары ў рэальнасці, але кожны можа патрапіць туды віртуальна — з дапамогай ізраільскага кіно.

Тадэвуш Стружэцкі: “Я спадзяюся, што фільмы, якія прадстаўленыя на фестывалі — а гэта фільмы апошніх гадоў, фільмы, адзначаныя на міжнародных кінафестывалях — прымусяць нас яшчэ раз вельмі ўважліва паглядзець на такую ўнікальную краіну, як Ізраіль, дзе кожнаму з нас хацелася б хаця б адзін раз у жыцці пабываць. Я спадзяюся, што гэтыя фільмы, якія будуць прадэманстраваныя, дапамогуць нам спазнаць гэтую краіну, пазнаёміцца з ёй бліжэй”.



Ганаровым госцем фестывалю ізраільскага кіно стаў рэжысёр фільма “Тараб” Барыс Мафцыр. Падтрымліваючы амбасадара, рэжысёр пагадзіўся з тым, што Ізраіль — загадкавая краіна, поўная цудаў. Хаця б таму, кажа, што ў іх яшчэ лета, а краіна ўжо перайшла на зімовы час. А ў працяг выступу намесніка міністра культуры расказаў гісторыю пра тое, як беларусам падабаецца Ізраіль.

Барыс Мафцыр: “Я прыляцеў сёння ранішнім рэйсам “Белавія”. І мы на пасадцы прастаялі гадзіну на ўзлётнай паласе, бо адна дзяўчына — беларуска — спазнілася. І яе самалёт чакаў. Бо калі пасажыра не дачакацца, то трэба выгрузіць усе чамаданы, знайсці яе і пагрузіць ізноў у самалёт. Калі яна прыйшла, у яе запыталіся: “Што здарылася?” Яна ж адказала, што ёй проста хацелася лішнюю гадзіну пабыць у Ізраілі”.



Паводле яго словаў, ізраільскі кінематограф ператварыўся ў сапраўдную індустрыю. Сёння там ёсць месца не толькі фільмам на ўсе тэмы, але і людзям розных нацыянальнасцяў. І трохдзённым фестывалем немагчыма паказаць усю яго разнастайнасць.

Барыс Мафцыр: “Гэта толькі частка мазаікі, якая сёння прадстаўляе вельмі няпростае, але вельмі цікавае ізраільскае грамадства. Трыццаць гадоў таму была песня, прыпеў якой у перакладзе гучаў так: “Няма ніводнай сумнай хвіліны”. Відаць, гэта наш лёс і, відавочна, гэта тое, што ў нас адбываецца. Я спадзяюся, што цягам гэтых трох дзён, калі вы паспрабуеце гэтую вытрымку з таго, што робіцца ў кіно Ізраіля, вы адчуеце нейкі дотык да той далёкай, але досыць блізкай краіны”.

І запрасіў на свой майстар-клас, які правядзе 14 верасня для ўсіх цікаўных у Акадэміі мастацтваў.
 
А кінатэатр “Цэнтральны” і амбасада Ізраіля запрашаюць паглядзець з 14 па 16 верасня шэсць выдатных фільмаў ізраільскіх рэжысёраў.






 Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі