Амбасада ЗША ў Мінску пачынае выдаваць візы для ўсіх грамадзян Беларусі
Амбасада ЗША ў Мінску з 1 лютага пачынае выдаваць візы для ўсіх грамадзян Беларусі. Раней існавала абмежаванне па ўзросце, якое адмяняецца. 30 студзеня на прэс-канферэнцыі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі адзначыў, што ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе любы беларус можа прыйсці ў амбасаду і атрымаць візы ўсіх катэгорый, у тым ліку і турыстычную (яна будзе каштаваць 160 долараў, візу могуць даць максімум на год). Больш падрабязную інфармацыю гл. тут.
Летась амерыканская амбасада ў Мінску выдала да 8 тысяч віз. Мяркуецца, што сёлета іх колькасць вырасце ў 2-3 разы.
Як вядома, у 2008 годзе адбылося ўскладненне беларуска-амерыканскіх адносін. Штат амбасады ЗША ў Мінску быў скарочаны да 5 чалавек. У выніку беларусам давялося атрымліваць амерыканскія візы ў суседніх краінах. У 2014-м сітуацыя змянілася, у Мінску пачалі абмежаваную выдачу візаў. Паступова адбывалася пашырэнне візавых паслуг.