Амерыканцы сцвярджаюць, што яны не распраналі дагала Ксенію Сабчак
Пра гэта заявіла прадстаўніца амерыканскага Упраўлення транспартнай бяспекі Сары Кошац.
Паводле яе слоў, расійскую тэлевядучую падчас дагляду ў аэрапорце Маямі не распраналі.
Як паведамляла Еўрарадыё, Ксенія Сабчак напісала ў Twitter, што яе цалкам распранулі і абшукалі перад пасадкай у самалёт Маямі — Масква. Ёй паведамілі, што на яе пальцах выявілі "наяўнасць выбуховых рэчываў". Пазней прадстаўнік міжнароднага аэрапорта Маямі заявіў, што інцыдэнт з Сабчак не азначае існаванне падазрэнняў у кантактах з выбуховымі рэчывамі. Гаворка магла ісці пра звычайныя петарды.
Сары Кошац сцвярджае, што Упраўленне транспартнай бяспекі "не праводзіць вобшукаў з распрананнем". Яна выказала меркаванне, што Сабчак абшукалі, "каб вырашыць сітуацыю з спрацоўваннем сігнала трывогі". Аднак, паводле Кошац, "вобшук вядзецца па-над адзеннем чалавека".
Як паведамляе РІА "Новости", пасля вобшуку амерыканцы дазволілі Ксеніі Сабчак ляцець у Расію.
Фота — ria.ru