Анастасія Крупеніч-Кандрацьева не выйшла на волю пасля 111 сутак арышту
Палітзняволеная Анастасія Крупеніч-Кандрацьева 4 лістапада не выйшла на волю пасля 111 сутак адміністрацыйнага арышту. Як піша тэлеграм-канал @spiski_okrestina, відаць адбылося "перазатрыманне" — міліцыя аформіла дзявятае запар яе "затрыманне" і пакінула за кратамі. Чакаецца новы суд.
5 лістапада мусіць выйсці на волю пасля 112 сутак адміністрацыйнага арышту муж Крупеніч-Кандрацьевай палітвязень Сяргей Крупеніч. І яго можа чакаць "перазатрыманне".
26-гадовых Анастасію і Сяргея першы раз затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. На іх складаць пратаколы за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ў нашай краіне прызналі "экстрэмісцкімі". Суткі за "экстрэмізм" у прыватнай перапісцы пастаянна дадаюцца, і Анастасія Крупеніч-Кандрацьева ды Сяргей Крупеніч застаюцца на Акрэсціна. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
Калі маладых людзей нарэшце адпусцяць, ім давядзецца аплаціць харчаванне ў ЦІПе. Адзін дзень каштуе 14 рублёў і 50 капеек. Атрымліваецца вялізная сума.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.