Андрэю Стрыжаку далі 10 сутак арышту за акцыю на прыступках гэтага ж суда
10 сутак адміністрацыйнага арышту завочна атрымаў прафсаюзны актывіст Андрэй Стрыжак. Абвінавачаны на судовым пасяджэнні не прысутнічаў, але гэта не перашкодзіла суддзі суда Цэнтральнага раёна Гомеля Андрэю Кармановічу вынесці прысуд. Асудзілі Стрыжака за ўдзел у “несанкцыянаваным мерапрыемстве”, якое, на думку суда, мела месца 21 лютага на прыступках гэтага ж суда.
Стрыжак: “У той дзень у Гомелі праходзіў першы суд над недармаедам Аляксандрам Сямёнавым, на якім мусіла быць вынесенае рашэнне, што магло змяніць лёс усіх недармаедаў у краіне. На суд прыйшло амаль 300 чалавек, а ў судзе змясцілася толькі 38. І пачаўся спантанны мірны сход. За тое, што я зачытваў людзям цытаты з судовага пасяджэння, якія мне перадавалі людзі з залы, і за тое, што прамаўляў да людзей, мне прыпісалі гэтае парушэнне”.
Па словах Андрэя Стрыжака, ён загадзя папярэдзіў суд, што не зможа ў вызначаны імі дзень быць на судовым пасяджэнні, і папрасіў перанесці разгляд сваёй справы на любы іншы дзень пасля 26 сакавіка. Вось толькі адсутнасць на судзе абвінавачанага не перашкодзіла суддзі вынесці абвінаваўчае рашэнне.
Карыстаючыся тым, што знаходзіцца на свабодзе, Стрыжак ужо рыхтуе адпаведныя дакументы і абскардзіць рашэнне гомельскага суда.
Фота са старонкі ў Фэйсбуку Андрэя Стрыжака