Англійскі палітолаг: Рэферэндум аб выхадзе Брытаніі з ЕС непазбежны
Эксперт Каралеўскага інстытута міжнародных спраў мяркуе, што вынікі выбараў у Вялікабрытаніі прывядуць да значных наступстваў для ўсёй Еўропы.
У Вялікабрытаніі завяршыўся падлік галасоў пасля парламенцкіх выбараў. 330 месцаў з 650 атрымалі кансерватары, лейбарысты — 232, Шатландская нацыянальная партыя — 56, ліберал-дэмакраты — 8 месцаў. Такая прапорцыя забяспечвае кансерватарам большасць у парламенце. Прэм’ерам застанецца Дэвід Кэмеран.
Палітолаг, эксперт Каралеўскага інстытута міжнародных спраў Джон Логх распавёў Еўрарадыё, што такі вынік аказаўся для грамадскасці нечаканым.
“Большасць, якую будуць мець кансерватары, імаверна, будзе невялікай. І таму на практыцы ім давядзецца мець саюзніцкія стасункі з Партыяй Паўночнай Ірландыі. І імаверна, улічваючы ўдалую кааліцыю з ліберальнымі дэмакратамі, — з некаторымі з іх”.
Такі выбар брытанцаў, імаверна, прывядзе да значных наступстваў — як на туманным Альбіёне, так і ў Еўропе. Джон Логх кажа, што цяпер рэферэндум аб выхадзе Злучанага Каралеўства з ЕС непазбежны. Хоць насельніцтва хутчэй за ўсё прагаласуе супраць, гэтае пытанне верагодна будзе вяртацца. Існуе рызыка, што аднойчы брытанцы захочуць выйсці са складу злучанай Еўропы, адзначае эксперт.
Але на дадзены момант, на думку палітолага, ёсць большая небяспека брытанскім інтарэсам — незалежнасць Шатландыі. Хоць гэтае пытанне ўжо і было вырашанае на рэферэндуме, але зараз да яго могуць вярнуцца.
“Мяркую, што рана ці позна нам давядзецца змірыцца, што Злучанага Каралеўства больш не будзе ў традыцыйнай форме, з такім вынікам галасавання”, — кажа Логх.
Магчымы выхад Шатландыі са складу Вялікабрытаніі можа стаць моцным імпульсам для іншых сепаратысцкіх рэгіёнаў Еўропы, такіх як Каталонія, адзначае эксперт.
Фота з архіву