Анісім: З 1995 года ўлада мэтанакіравана вынішчае беларускую мову ў адукацыі

Анісім: З 1995 года ўлада мэтанакіравана вынішчае беларускую мову ў адукацыі

Моўная палітыка ў сферы адукацыі павінна быць паслядоўнай і без хістанняў у розныя бакі. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя беларусы паверылі ў адукацыю на беларускай мове і актыўна аддавалі сваіх дзяцей у беларускамоўныя школы. Але ў 1995 годзе моўная палітыка дзяржавы ў галіне адукацыі змянілася, і людзі страцілі веру ў будучыню такой адукацыі. Як вынік, маем: калі дзесяць гадоў таму на беларускай мове навучалася амаль 246 тысяч вучняў, то цяпер ― менш за 129 тысяч Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Скарыны Алена Анісім.

Анісім: “Гэтыя лічбы ― вынік той мэтанакіраванай дзейнасці, якая праводзіцца ў апошнія 25 гадоў. Самы пік беларускамоўнай адукацыі прыпадае на 1992-1994 гады. А ўжо з 1995 года пачалося мэтавае выкараненне, ажно, відаць, да поўнага вынішчэння беларускай мовы ў сферы адукацыі”.

Анісім звяртае ўвагу на праблемы, з якімі сёння сутыкаюцца тыя бацькі, якія хочуць, каб іх дзіця атрымлівала адукацыю на дзяржаўнай беларускай мове.

Анісім: “У Жодзіна ёсць матуля, якая хоча, каб яе дзіця вучылася па-беларуску. Атрымала адказ з упраўлення адукацыі Жодзіна: не будзем гэтага рабіць для вас, бо вы адна. Але ж гэта не яе праблемы! Не можаце забяспечыць адукацыю на беларускай мове аднаму ― стварайце клас. Не хочаце ствараць клас ― адкрывайце гімназію, школу. Абвяшчайце, што вось гэтая школа з 1 верасня 2017 года пачынае набіраць вучняў для навучання па-беларуску. Гэта задача ўстаноў адукацыі, упраўленняў адукацыі, а не бацькоў ― вырашаць гэта пытанне”.

Па словах дэпутата парламента, бліжэйшым часам яна плануе сустрэцца з міністрам адукацыі, каб абмеркаваць крытычную сітуацыю з адукацыяй на беларускай мове.

Дарэчы, такая ж сітуацыя і з дзіцячымі садкамі. Калі ў 2010 годзе 12,8% ад усіх выхаванцаў дашкольных устаноў навучаліся і выхоўваліся ў беларускамоўных дзіцячых садках, то ў 2016 годзе іх колькасць зменшылася да 9,7%.

Цалкам размову з Аленай Анісім можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі