Антыманапольнае міністэрства — супраць "гандлёвых войнаў" між рэгіёнамі
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю будзе вырашаць праблему "гандлёвых войнаў" паміж рэгіёнамі краіны. Гаворка ідзе пра сітуацыі, калі на рынак не дапускаецца прадукцыя вытворцаў з іншага рэгіёна.
Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" увечары 5 чэрвеня заявіў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч. Як паведамлялася раней, новае ведамства будзе створанае на аснове Міністэрства гандлю на працягу трох месяцаў.
Па словах Калтовіча, асновай для такіх "гандлёвых войнаў" становяцца распараджэнні мясцовай улады. Таму падраздзяленні антыманапольных службаў і гандлёвых інспекцый выводзяцца з падпарадкавання аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Міністр заявіў, што яго ведамства будзе пільна сачыць, каб ва ўсіх абласных цэнтрах былі тавары з усёй краіны.