Антырасійскія санкцыі б'юць па Беларусі: пакутуюць рубель і дочкі раскампаній
Справы беларускай эканомікі пагаршаюцца ўслед за станам расійскай / Reuters
Як толькі Расія прызнала незалежнасць самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР", Беларусь адразу адчула на сабе эфект незадаволенасці заходніх краін. Пасля ўварвання ва Украіну сітуацыя стане яшчэ горшай.
ЗША і ЕС заявілі пра ўзмацненне жорсткасці санкцый у дачыненні да Расіі. Еўрарадыё даведалася, як яны ўплываюць на Беларусь.
"Для беларускага рубля ўсё будзе вельмі дрэнна"
Хутчэй за ўсё беларусы адчуюць уплыў санкцый праз абменны курс. Беларускі рубель будзе падаць у дачыненні да долара і еўра ўслед за расійскім.
Па выніках таргоў на біржы 24 лютага долар падняўся на 15 капеек і дасягнуў 2,7977 рубля. Еўра падаражэў на 14 капеек. Цяпер адзін еўра каштуе 3,1375 рубля. Расійскі рубель упаў на 10 капеек да 3,2391 рубля. Да гэтага быў моцны скачок 22 лютага пасля прызнання Расіяй "ЛНР" і "ДНР".
— Новыя хвалі эскалацыі і дадатковыя санкцыі азначаюць і новыя хвалі абясцэньвання расійскага рубля. І за ім амаль у суадносінах адзін да аднаго будзе адаптавацца беларускі рубель, — кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Падзенне да долара і еўра можа замарудзіцца праз расійскі Цэнтрабанк, які стаў ратаваць курс расійскага рубля, выліўшы валюту на рынак.
— У Расіі долар трохі таннее [пасля значнага росту. — Еўрарадыё], але наколькі настойлівы будзе расійскі Цэнтрабанк са сваімі інтэрвенцыямі, сказаць немагчыма, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб. — Што да Беларусі, з самай раніцы ёсць супярэчлівыя паведамленні пра тое, ці задзейнічаны расійскія войскі з беларускай тэрыторыі або не. Калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, то дадатковых санкцый варта чакаць і Беларусі. Тады для беларускага рубля ўсё будзе вельмі дрэнна.
ВЭБ пацярпеў, але не смяротна
Разам з расійскімі кампаніямі пад удар санкцый трапяць іх беларускія "дочкі". Так здарылася з карпарацыяй ВЭБ і банкам БелВЭБ, якія трапілі ў SDN-ліст ЗША. Гэта значыць, што актывы гэтых структур у ЗША замарожваюцца, а рэзідэнты гэтай краіны не могуць весці з імі бізнес.
— Праводзіць плацяжы ў доларах ЗША за выключэннем плацяжоў унутры самога банка нельга. Паміж кліентамі ўнутры банка перакідаць сродкі з рахунку на рахунак — можна, — кажа Дзмітрый Крук.
Акрамя таго, ставіцца пад пытанне магчымасць банка супрацоўнічаць з Visa і Mastercard. Банк ужо паведаміў, што магчымыя збоі аплаты карткамі за межамі Беларусі.
— БелВЭБ значны для беларускага рынку, але яго доларавы складнік можа быць замешчаны іншымі банкамі. Гаварыць пра тое, што гэта стопар для ўсёй банкаўскай сістэмы, не выпадае. Пакуль гэта праблема менавіта БелВЭБа, хоць невялікі негатыўны водгук для ўсёй банкаўскай сістэмы будзе.
Праз тое, што ВЭБ будзе падтрымліваць БелВЭБ, у банка ёсць магчымасць працаваць у нармальным рэжыме.
У банка БелВЭБ ёсць у Беларусі інвестыцыйная пляцоўка Finstore. Зыходзячы з тэста санкцый ЗША, яны не закранаюць Finstore. Могуць узнікнуць праблемы з доларавымі токенамі, але плацяжы па іх можна арганізаваць і праз іншыя банкі, адзначае Дзмітрый Крук. У цэлым сітуацыя пацягне зніжэнне актыўнасці на пляцоўцы.
Грошай на падтрымку Беларусі стане менш
Пасля прызнання Расіяй самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" ЗША дадалі ў SDN-ліст расійскія ВЭБ і Прамсувязьбанк. Вялікабрытанія ўвяла санкцыі ў дачыненні да пяці банкаў.
Цяпер ЕС і ЗША анансавалі ўзмацненне жорсткасці санкцый. ЕС заявіў, што збіраецца адрэзаць Расію ад свайго фінансавага рынку.
Начальнік аналітычнага ўпраўлення Банка карпаратыўнага фінансавання Расіі Максім Асадчы адзначае, што санкцыі прывядуць да адтоку капіталу з Расіі. Гэта значыць, што грошай у расійскай эканоміцы стане менш.
— Натуральна, пагаршаецца фінансавае становішча Расіі, адпаведна, тым менш магчымасцяў па фінансаванні дзяржаў-партнёраў. А паколькі Беларусь моцна залежыць ад расійскіх крэдытаў, відаць, яны слабейшыя будуць.
Выйграе Беларусь хіба што ад прыпынення "Паўночнага патоку — 2", пра якое заявіў канцлер Германіі Олаф Шольц. Гэта значыць, што газ можа пайсці па газаправодзе "Ямал Еўропа", які пралягае па тэрыторыі Беларусі.
Але пакуль ён выкарыстоўваецца толькі для паставак з Германіі ў Польшчу. Гэта значыць, Беларусь на транзіце ў цяперашні час не зарабляе. Эксперты ацэньваюць нашы даходы мінулых гадоў у 350 млн долараў у год.
У астатнім ад расійскай агрэсіі ў дачыненні да Украіны добрага Беларусі чакаць не варта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.