Арганізатары: “Басовішча” працягне запрашаць гурты, якія яшчэ не гралі на фэсце

Арганізатары: “Басовішча” працягне запрашаць гурты, якія яшчэ не гралі на фэсце

Фестываль маладой беларускай музыкі “Басовішча-2018” збіраецца прытрымлівацца канцэпцыі апошніх гадоў і складаць лайн-ап з гуртоў, якія яшчэ не выступалі на сцэне ў Барку. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё заявіла адна з арганізатарак фэсту Лідзія Пякарская:


“Гаворка ідзе пра тое, каб гурты, якія прыязджаюць на фэст, не вельмі праўтараліся, каб мы маглі паказваць нешта новае, чаго яшчэ не было на “Басовішчы”, тое, што маладыя беларусы слухаюць у Беларусі, а не толькі тое, што мы ведаем тут”. 


Адна з сёлетніх навінак — прапанова гледачам “Басовішча” назваць тых артыстаў, якіх бы яны хацелі пачуць на фэсце. Згодна з вынікамі анкетавання, перамогу атрымаў гурт “Крамбамбуля”, які стаў першым аб’яўленым хэдлайнерам. У топе гледачоў таксама Brutto, Dzieciuki, Re1ikt. Лідзія Пякарская кажа, што пры складанні лайн-апу густы наведвальнікаў фестывалю будуць улічвацца. Да таго ж, ранейшыя акцэнты фэсту, рок-музыка і беларуская мова, цяпер не настолькі істотныя:


“Гэтая плынь не ўсім падабаецца, цяпер людзі не толькі рок слухаюць, рок цяпер не такі актуальны, яе тое было раней”, — працягвае Пякарская. 


Пакуль жа працягваецца прыём заявак на конкурс маладых гуртоў “Басовішча-2018”, якіх на сённяшні дзень паступіла дзесяць. Яны прымаюцца да 26 сакавіка. Усе заяўкі будуць адслуханыя журы. Восем найлепшых каманд сустрэнуцца на “Адборышчы” у Мінску 11 траўня. Чацвёра з іх выйдуць у фінал і 20 ліпеня сыграюць на сцэне “Басовішча”.

Дарэчы, сёлета арганізатары абяцаюць сур’ёзна падысці да праблемы з бясплатнымі візамі для беларускіх наведвальнікаў фэсту. Лідзія Пякарская паведамляе, што пытанне ўжо знаходзіцца ў распрацоўцы.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі