Арганізатары Еўрапейскіх гульняў не дапусцяць да ўдзелу беларусаў і расіян
"У Кракаве не будзе спартсменаў, якія прадстаўляюць Расійскую Федэрацыю і Беларусь" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Арганізатары Еўрапейскіх гульняў не дапусцяць да ўдзелу беларусаў і расіян. Спаборніцтвы пройдуць летам у Польшчы.
"На Еўрапейскіх гульнях у Кракаве не будзе спартсменаў, якія прадстаўляюць Расійскую Федэрацыю і Беларусь, — кажа старшыня аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў Марцін Новак. — Мы гэтага не дапусцім, нягледзячы на дыпламатычныя працэдуры, якія цяпер з'яўляюцца".
Пра тое, што спартсмены з Беларусі і Расіі не патрапяць на Еўрапейскія гульні, стала вядома восенню 2022-га. Прэзідэнт Алімпійскіх камітэтаў Еўропы Спірас Капралас заявіў, што падчас вайны ва Украіне лічыць іх удзел немагчымым.
Нядаўна Міжнародны Алімпійскі камітэт рэкамендаваў дапусціць беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў у нейтральным статусе. Аднак некаторыя міжнародныя федэрацыі не падтрымалі пазіцыю МАК.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.