Асуджанага ў Маскве акцёра Паўла Усцінава адпусцілі пад падпіску да апеляцыі
Павел Усцінаў па відэасувязі / "Новая газета"
Масгарсуд па хадайніцтве Генпракуратуры адпусціў асуджанага фігуранта "справы 212" Паўла Усцінава з СІЗА, паведамляе "Новая газета". Ён будзе пад падпіскай аб нявыездзе да абскарджвання прысуду і яго ўступлення ў сілу.
16 верасня Цвярскі раённы суд пакараў 24-гадовага акцёра 3,5 гадамі пазбаўлення волі за вывіх пляча, нібыта атрыманы расгвардзейцам падчас яго затрымання. Малады чалавек сцвярджае, што апынуўся на мітынгу выпадкова, а ў момант затрымання чакаў каля метро свайго сябра.
Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва аб праглядзе відэазапісу, на якім бачна, што Усцінаў не ўдзельнічае ў акцыі: не скандуе лозунгі, не стаіць з плакатам.
Пасля вынясення прысуду акцёрская супольнасць выступіла з падтрымкай асуджанага: акцёр Аляксандр Паль запусціў флэшмоб, запісаўшы відэа з патрабаваннем перагледзець неправамерны прысуд. Да яго далучыліся дзясяткі іншых акцёраў. Пасля грамадскага рэзанансу Генпракуратура запатрабавала адпусціць Усцінава, а пасля таксама змяніць прысуд на не звязаны з пазбаўленнем волі.