Аўтар рэзалюцыі ў АБСЕ: Гэта не мая правакацыя, а беларускіх уладаў
Дэпутаты краін АБСЕ абмяркоўваюць рэзкую рэзалюцыю па Беларусі. Беларуская дэлегацыя папракнула брытанцаў за маруджанне з візамі для спартоўцаў.
У Манака працягваецца працоўная сесія Парламенцкай асабмлеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У парадку дня – востры праект рэзалюцыі па Беларусі, прапанаваны брытанскім дэпутатам Тоні Лойдам.
Яна заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі і вызваліць палітычных зняволеных. Дакумент таксама просіць Міжнародную хакейную федэрацыю перанесці чэмпіянат-2014 у іншую краіну, калі гэтага не адбудзецца.
Беларуская дэлегацыя праект рэзалюцыі называе тэндэнцыйным і правакацыйным. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, які дадаткова ўнёс на абмеркаванне Парламенцкай асамблеі рэзалюцыю пра развіццё альтэрнатыўных відаў энергэтыкі, прадставіў на дэбатах афіцыйную пазіцыю.
Віктар Гумінскі: "Гэтая рэзалюцыя ні ў сваім пачатковым выглядзе, ні з папраўкамі для нас непрымальная. Яны руйнуюць перадпасылкі для канструткыўнага паважлівага дыялога".
Тоні Лойд закіды беларускай дэлегацыі адкідае.
Тоні Лойд: "Калі гэта і правакацыя, то правакацыя Лукашэнкі і беларускіх уладаў. І скіраваная яна супраць беларускага народу. Іх дзеянні – гэта абраза да таго, якой Беларусь магла б стаць... Беларусі, якая мусіць даваць людзям надзею на будучыню, на тое, што яна стане дэмакратычнай, стабільнай, прагрэсіўнай краінай".
Брытанскі дэпутат растлумачыў, чаму лічыць перанос Чэмпіянату з Беларусі мэтазгодным.
Тоні Лойд: "Гэта сігнал не для простых беларусаў – іх вітаюць ў Еўропе. Але беларускія ўлады расцэняць Чэмпіянат як узнагароду Лукашэнку і палітычнаму рэжыму. Правядзенне спаборніцтва даслала б людзям няправільны сігнал, што мы не дбаем пра рэпрэсіі ў краіне".
Віктар Гумінскі змяніў тэму палемікі і папракнуў за візавую палітыку брытанскага консульства:
"Я хачу адказаць дарагому спадару Тоні Лойду, што Вялікабрытанія да апошняга моманту не выдавала візы нашым спартоўцам на Алімпійскія гульні".
Нагадаем, сааўтарамі рэзалюцыі сталі больш за 60 дэпутатаў з 21 краіны АБСЕ, галасаванне дэпутатаў 55 краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі чакаецца 8 ліпеня. Раней падобныя рэзалюцыі прынялі Еўрапейскі парламент і Кангрэс ЗША.