Бабарыка: "З жахам даведаўся пра падатак на выезд з краіны"
"З жахам даведаўся пра падатак на выезд з краіны", — цытуе словы палітвязня Віктара Бабарыкі тэлеграм-канал @viktarbabarykaofficial. Як вядома, у сакавіку ў Гродзенскай вобласці прынялі рашэнне аб платным перасячэнні мяжы на аўтамабілі. Кіроўцы мусяць плаціць 1 базавую велічыню (цяпер гэта 29 рублёў) за кожную паездку. Новаўвядзенне пачало дзейнічаць з 1 траўня.
Бабарыка лічыць, што ўлады "падобна, перасталі думаць не толькі пра заўтра, але і пра сёння", "жывуць па прынцыпе: нам толькі ноч прастаяць, ды дзень пратрымацца".
Палітвязень прызнаецца, што "ніколі б не паверыў, што ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы магчымая такая сітуацыя". "Аказваецца, можа быць усё, што заўгодна", — такімі словамі Віктар Бабарыка скончыў сваю вестку на волю з СІЗА КДБ.
Бабарыка знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020 года. Яго вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры і "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам. Ён сваёй віны не прызнае. Суд працягваецца з лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.