Back to USSR. Што пра СССР думаюць тыя, хто нарадзіўся ў год яго развалу

Ці настальгуюць 30-гадовыя па СССР? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Ці настальгуюць 30-гадовыя па СССР? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне 8 снежня 1991 года, прычым зафіксавана на паперы гэта было менавіта ў Беларусі, у Белавежскай пушчы. Вытанчаная фармулёўка з пагаднення: СССР спыніў сваё існаванне "як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць". Як быццам Ельцын, Краўчук і Шушкевіч, якія падпісалі дакумент, яшчэ тады ведалі, што Савецкі Саюз на доўгія гады застанецца рэальнасцю для мільёнаў людзей. Застанецца ў іх побыце, культуры і светапоглядзе.

"Запаведнік СССР", — так нярэдка гавораць пра Беларусь, прычым як грамадзяне краіны, так і прыезджыя. Адны вымаўляюць гэтыя словы з цеплынёй, іншыя — з сарказмам. Не ўсім падабаецца, што сёння рэспубліка выглядае самай "савецкай" з усіх постсавецкіх краін. Кажуць так і тыя, хто ніколі не жыў у Савецкім Саюзе.

Еўрарадыё паразмаўляла пра СССР з аднагодкамі яго распаду. Народжаныя ў 1990-я настальгуюць па краіне, пра якую ведаюць па расказах бацькоў і з кіно? Яны літаральна хочуць назад у Савецкі Саюз, лічаць сябе яго грамадзянамі. І побач у гэтым жа пакаленні — супрацьлеглыя думкі ад тых, хто лічыць СССР рэліктам, ад традыцый якога варта адмовіцца як мага хутчэй.

 

Былі больш цяжкія часы, але не было больш подлых

Аляксею 30 гадоў, сябе ён называе "адным з апошніх грамадзян Савецкага Саюза" і дадае, што да развалу ставіцца як да "чарговай трагедыі нашага народа".

Пытаемся, што Аляксей мае на ўвазе пад "нашым народам". Ён усміхаецца і адказвае:

— Мы славяне. Але пасля, у выніку Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, у нас утварыўся савецкі народ. Гэта народ з ідэяй інтэрнацыяналізму. Усе людзі роўныя, — тлумачыць ён.

 

Back to USSR. Что о СССР думают родившиеся в год его развала
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Сёння, на думку Аляксея, усе народы падзеленыя, а "адзіным народам" застаюцца тыя, хто застаў СССР і жыў там у свядомым узросце. Як так атрымалася, што сам Аляксей, які фактычна не жыў у Савецкім Саюзе, таксама адносіць сябе да "савецкага народа"?

— Разуменне, што я ўсё-ткі сябе лічу савецкім чалавекам, да мяне прыйшло ў старшых класах школы. Калі пачаў дэталёва вывучаць гісторыю, асабліва перыяд Вялікай Айчыннай, калі глядзеў савецкія фільмы, чытаў савецкую літаратуру... Яно цябе выхоўвае. Ты не можаш сказаць, што ты не савецкі чалавек, калі ты прасякнуўся гэтым.

Пра дасягненні Савецкага Саюза Аляксей гаворыць з задавальненнем і, відаць, падрыхтавана: адбіваецца захапленне гісторыяй. Цікавы факт: сваім альтэр-эга ў сацыяльных сетках ён абраў савецкага снайпера Васіля Зайцава.

— Да рэвалюцыі ў нас каля 80% насельніцтва былі непісьменныя, а да развалу СССР мы былі адной з нацый свету, якія найбольш чытаюць. Як прыкметна вырас узровень жыцця! Апошні голад у нас быў у 1946 годзе, дый тое таму, што была сарваная пасяўная кампанія праз тое, што не паспелі дэмабілізаваць частку войска і вярнуць назад у гаспадарку. А ў Расійскай Імперыі голад быў стабільна раз на тры гады, — пералічвае ён.

Аляксей на хвіліну задумваецца і дадае: "Мне здаецца, што грамадства тады было больш справядлівае. Я неяк бачыў фатаграфію мітынгаў 90-х, там стаяў пенсіянер з плакатам "У нас былі больш цяжкія часы, але не было больш подлых".

Back to USSR. Что о СССР думают родившиеся в год его развала
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Ён згодны з тым, што Беларусь сёння — самая савецкая з усіх рэспублік былога СССР. Што з добрага захавалася з тых часоў? Паводле версіі Аляксея, у спіс уваходзяць доступ да медыцыны, стратэгічныя прадпрыемствы ў дзяржуласнасці, адукацыя.

За што яшчэ трэба быць удзячнымі савецкай спадчыне? Аляксей упэўнены, што беларусы ў цэлым абавязаныя Уладзіміру Ільічу Леніну.

— У нас чамусьці прадстаўнікі ліберальна-дэмакратычнай грамадскасці Леніна не любяць. А менавіта Ленін даў нацыям права на самавызначэнне, і ў нас з'явілася свая дзяржаўная, афіцыйна аформленая мова. Нас прызналі асобным народам, даўшы нам фактычна сваю краіну.

Ці былі мінусы? Аляксей прызнае: "перагібы" былі, але і ў пытанні сталінскіх рэпрэсій ён асцярожны. Кажа, напрыклад, што не бачыў дакументаў па Курапатах і гаварыць, ці расстрэльваў там непажаданых СССР, не можа.

— Тыя, хто прытрымліваецца думкі, што Савецкі Саюз — гэта добра, а таварыш Сталін не самы дрэнны ў свеце чалавек, — яны не адмаўляюць, што перагібы былі, былі і нявінна рэпрэсаваныя, — адказвае Аляксей. І з усмешкай дадае, што пабываць у СССР эпохі рэпрэсій не хацеў бы — але наогул пажыў бы ў гэтай краіне з радасцю.

— Было б цікава пражыць ад пачатку да канца Савецкага Саюза і паглядзець сваімі вачыма, як адбываліся ўсе гэтыя змены. І нават у іх паўдзельнічаць, калі б выдалася такая магчымасць... Пры таварышу Сталіну, калі былі рэпрэсіі і перагібы, па-мойму, ні адзін нармальны чалавек не хацеў бы жыць. Ці хочацца жыць у часе Вялікай Айчыннай вайны — не, не хочацца, гэта страшна, гэта жудасна. Самым лепшым і добрым перыядам я лічу, вядома, перыяд брэжнеўскай стабільнасці, які цяпер называюць застоем. Гэта самы спакойны час.

 

Менш трэба было думаць самому

Алена Жываглод не з тых, хто выступае рэзка супраць СССР і лічыць усё звязанае з савецкай эпохай дрэнным. Але погляды ў яе пры гэтым супрацьлеглыя пазіцыі Аляксея.

— Я стаўлюся да Савецкага Саюза як да мінулага. Як да дзяржавы, прынцыпы пабудовы і функцыянавання якой прадугледжваюць, на мой погляд, стрымліванне развіцця асобы і эканомікі, чалавечага патэнцыялу, узроўню пісьменнасці і адукаванасці. Дзе суверэнітэт рэспублік насіў вельмі фармальны характар.

 

Back to USSR. Что о СССР думают родившиеся в год его развала
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Што яшчэ было "не так" у Савецкім Саюзе? Алена з ходу ўспамінае Сталіна, планавую эканоміку, цэнзуру, недавер людзей адно да аднаго. Жыць у гэтай краіне яна б не хацела.

— Часта са сваімі сябрамі практыкую гэтае пытанне: у якую б эпоху адправілася? Дакладна не ў Савецкі Саюз. Напэўна, я вельмі шмат ведаю пачутага ад бацькоў, таму не, не хацелася ні ў якую эпоху [СССР].

Скепсіс Алены да Савецкага Саюза не звязаны з нейкімі асабістымі гісторыямі. Ніхто з яе сям'і не трапіў пад рэпрэсіі. Яна кажа, што разважае рацыянальна, не на аснове "страшных гісторый, якія фармуюць стаўленне".

У Беларусі ўзору 2021 года і СССР Алена бачыць шмат агульнага. На жаль, не ў пазітыўным ключы.

— Цяпер мы праводзім паралель са Сталіным у першую чаргу. Я не лічу папулізмам гаварыць і пра жалезную заслону. Тыя страшныя гісторыі пра 1937-ы — блізкая паралель з бягучым становішчам спраў у Беларусі. На жаль, усё, што датычыцца цэнзуры, рэпрэсій, знікненняў людзей, проста страху, у якім жывуць людзі, і перспектыў, якія чакаюць краіну разам з Лукашэнкам, — гэта тое, з чым савецкім я праводжу паралелі.

Пры гэтым і да 2020-га Беларусь заставалася "савецкай", кажа Алена. Але краіна, упэўненая яна, павольна рухалася да выхаду з "гэтага сіндрому".

— Гэта датычыцца, напэўна, у першую чаргу эканомікі, закрытасці краіны... Я думаю, што Беларусь досыць павольна праходзіць гэты шлях станаўлення як самастойная рэспубліка. Павольней, чым хацелася б.

У адрозненне ад Аляксея Алена не лічыць доступ да медыцыны або адукацыі пазітыўнай спадчынай СССР. І вось чаму:

— Мне здаецца, у грамадстве наогул лунае навеянае рэжымам Лукашэнкі ў тым ліку адчуванне таго, што клопат пра чалавека, пра грамадзяніна з боку дзяржавы — такі... падвышаны. Бясплатная медыцына, адукацыя. Вось гэта, мне здаецца, людзі звязваюць з Савецкім Саюзам. Я не адношуся да іх ліку. Улада выхоўвае тым самым у беларусах адчуванне абавязку перад дзяржавай за тое, што такія магчымасці дадзеныя. Што абсалютна не адпавядае маім прынцыпам і разуменню, што такое грамадзянская супольнасць і як павінен будавацца дыялог паміж структурамі ўлады і грамадзянінам.

 

Back to USSR. Что о СССР думают родившиеся в год его развала
Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Станоўчыя асацыяцыі паміж сучаснай Беларуссю і СССР у Алены хутчэй "паштоўкавыя":

— Калі я была ў Беларусі, прыводзіла сяброў-замежнікаў у ГУМ паглядзець. Тая самая папера, у якую абгортваюцца пакупкі, — вось гэта спадчына ў мяне не выклікае нейкага адрынання. Гэта прыемны момант, што можна ў літаральным сэнсе "памацаць" Савецкі Саюз. Ці ўніверсам "Цэнтральны" са сваім кафетэрыем. Гэта наогул такі сімвал горада, як і кінатэатр "Перамога".

Чаму людзі, якія не засталі СССР, яго любяць і нават настальгуюць па ім? Алена думае, што гэта можа быць звязана з "прыгожай карцінкай", якая ідзе з савецкага кінематографа, літаратуры. Пераклікаецца гэта з тым, што казаў пра прычыны сваёй цікавасці да эпохі Аляксей.

— Гэтакая стабільнасць і дабрабыт. Калі ў тым ліку праз нястачу інфармацыі ўсё здавалася гладкім, роўным і стабільным... Настальгія па Савецкім Саюзе — туга па часе, калі дзяржава давала нейкія даброты, клапацілася пра цябе. Можа быць, я ўтрырую. Але думаю, што гэта пра тое, што менш трэба было думаць самому, менш было самастойнасці.

 

Пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі