Бахарэвіч выйшаў у ЗША. Адгадайце, як перакладчыкі далі рады трасянцы

Альгерд Бахарэвіч / Еўрарадыё
Альгерд Бахарэвіч / Еўрарадыё

Рэцэнзія на кнігу Альгерда Бахарэвіча "Дзеці Аліндаркі" выйшла ў The New York Times Book Review. З 21 чэрвеня кнігу можна будзе купіць і прачытаць у ЗША. Гэта той самы пераклад, які раней выйшаў у Вялікабрытаніі — але цяпер ён будзе даступны і амерыканцам.

Чаму мы расказваем пра гэтую калонку ў The New York Times Book Review? Таму што гаворка пра самыя ўплывовыя кніжныя рэцэнзіі ў свеце.

Каротка пераказваем вам уражанні аўтара ад "Дзяцей Аліндаркі". Без адсылак да Украіны не абышлося.


Славянская казка з прымешкам Оруэла

Аўтары рэцэнзіі параўноўваюць кнігу Бахарэвіча часткова са "славянскай казкай", часткова — з антыўтопіяй "1984" Джорджа Оруэла. Знаходзяць і адсылкі да кнігі "Дзіця чалавечае" брытанскай аўтаркі Філіс Дораці Джэймс.

Але галоўнае, што зачароўвае аўтараў газетнай калонкі ў тэксце Бахарэвіча, — тэма беларускай мовы. Якая, нагадвае чытачам New York Times, унесеная ЮНЕСКА ў спіс "уразлівых".

"Выбар Бахарэвіча пісаць на беларускай мове часткова з'яўляецца палітычным. Як і яго рашэнне ўключыць у раман фрагменты рускай мовы".

Бахаревич вышел в США. Угадайте, как переводчики справились с “трасянкой”
Першы тыраж англамоўнага выдання "Дзяцей Аліндаркі" / фота са старонкі Альгерда Бахарэвіча ў Фэйсбуку

Кніга Бахарэвіча — антыўтопія пра прыгоды беларускамоўных дзяцей, білінгваў. Яна напісаная на беларускай мове — але ў ёй сустракаюцца і рускамоўныя "ўстаўкі". Перакладчыкі Джым Дынглі і Петра Рыд вырашылі гэта праз спалучэнне англійскай і шатландскай моваў. Вось як Дынглі тлумачыць гэты выбар у гутарцы са Scotland Street Press:

— У абодвух выпадках носьбіты больш магутнай мовы схільныя ставіцца да больш слабой мовы паблажліва ці нават з адкрытай крытыкай: гэта не больш чым няякасны, "сапсаваны" ці "пачварны" дыялект. У выпадку з беларускай у адказ на просьбу ў краме або спробу замовіць ежу ў рэстаране на гэтай мове часам можна пачуць адказ на рускай: "Ты что, не можешь говорить по-человечески?"

У выпадку з англійскай можна гаварыць пра паблажлівасць у дачыненні да шатландскай: дзіўны народ, які выкарыстоўвае такія словы, як "wee", "bonnie" і "the noo". І мы любім спяваць іх пацешную песеньку на Новы год [старадаўняя шатландская песня Auld Lang Syne — Еўрарадыё].

Нават з гэтага кароткага аповеду выбар перакладчыкаў робіцца гранічна зразумелым. А тут можна пачытаць падрабязней пра тое, як перакладчыкі шукалі падыход да тэксту Бахарэвіча.


Гаварыце на нармальнай англійскай мове

"Усе краіны-білінгвы білінгвістычныя па-свойму", — гэтымі словамі пачынаецца калонка і гэтым, імаверна, тлумачацца наступныя скаргі аўтара тэксту. О так, аўтару калонкі не спадабалася прадзірацца праз сумесь шатландскай і англійскай моваў — нягледзячы на тое, што на шатландскай напісаная толькі частка тэксту.

"Мне б хацелася, каб Дынглі і Рыд пайшлі больш лёгкім шляхам і пераклалі раман цалкам на англійскую. Мне не хацелася прапусціць ні слова з тэксту Бахарэвіча, у якіх казка і палітыка спалучаюцца і прыводзяць часта да чароўных вынікаў", — піша аўтар калонкі.

Хоць "усе краіны-білінгвы білінгвістычныя па-свойму", мы спадзяёмся, што шатландцаў пацешаць гэтыя "імперыялістычныя" пакуты амерыканскага чытача. 


"Ох, мне таксічна"

Наогул кніга Бахарэвіча выйшла яшчэ ў 2014 годзе. Але тады прачытаць яе па-англійску было нельга, ды і тэма беларускага білінгвізму гучала для англафона не так, як цяпер, калі можна пагаварыць праз яе яшчэ і пра "таксічную рускую мову". Аўтары калонкі, вядома, не прапусцілі такой магчымасці.

"Многія з пытанняў, якія ён задае, цяпер прыцягваюць увагу ўсяго свету. Ці зрабілі злачынствы расійскага ўрада рускую мову таксічнай? Як наконт рускай літаратуры, якую Расія доўгі час выкарыстала як інструмент імперыялізму — нават калі многія з яе пісьменнікаў з агідай паставіліся б да такой практыкі?"

Адным словам, калі вам вельмі хочацца пагаварыць пра кэнсэлінг рускай культуры і пра тое, як востра вам цяпер адчуваецца таксічнасць рускай мовы, сумясціце прыемнае з карысным: пачніце не з кэнсэлінгу, а з чытання Бахарэвіча. У адрозненне ад англійскіх перакладаў, прачытаць тэкст на беларускай можна з 2014 года. Каб прачытаць на англійскай, таксама неабавязкова было цягнуць да 2022-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі