Баі ў Херсоне і абстрэл Жытоміра — як прайшла яшчэ адна ноч ва Украіне

Ратавальнікі працуюць на разборы завалаў пасля абстрэлу ў Жытоміры​ / @uniannet
Ратавальнікі працуюць на разборы завалаў пасля абстрэлу ў Жытоміры​ / @uniannet

Паступаюць паведамленні аб узяцці расійскімі войскамі горада Херсон на поўдні Украіны. Аб гэтым піша Бі-Бі-Сі.

Ноччу Херсонскі дэпутат Юрый Стэльмашэнка пісаў у Facebook, што ў горадзе некалькі пажараў, а ратавальнікі не могуць выехаць на ліквідацыю з-за абстрэлаў. У людзей няма святла, але аблэнерга па гэтай жа прычыне не выпускае аварыйныя брыгады. Ёсць выпадкі марадзёрства.

"Але самае жахлівае, што ў нас нават няма магчымасці сабраць трупы. Я нават не магу знайсці слоў, каб апісаць рэальнае становішча спраў", пісаў Стэльмашэнка.

Ноччу ён знаходзіўся ў будынку гарсавета разам з мэрам Херсона Ігарам Калыхаевым і камандай гарсавета. І казаў, што мясцовая ўлада будзе рабіць усё магчымае, "але гэтага мала".

Украінскія ваенныя, па дадзеных Бі-Бі-Сі, пацвердзілі высадку дэсанта ў Харкаве. Баі працягваюцца да гэтага часу, учынены напад на вайсковы шпіталь.

У ноч на сераду стала вядома, што ў баі пад Харкавам загінуў 19-гадовы біятланіст Яўген Малышаў. Ён быў жыхаром гэтага горада і членам нацыянальнай зборнай Украіны сярод юніёраў. Аб яго гібелі паведаміла украінская Федэрацыя біятлона. Хлопец праходзіў службу па кантракце.

Бои в Херсоне и обстрел Житомира — как прошла еще одна ночь в Украине
Яўген Малышаў / Федэрацыя біятлона Украіны

Двое мірных жыхароў загінулі і тры чалавекі параненыя ў выніку масіраванага паветранага абстрэлу Жытоміра. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС). Ёсць людзі пад заваламі. Колькі іх, невядома. Ратавальнікі прыступілі да разбору завалаў.

Па дадзеных службы, у ходзе абстрэлу пацярпелі па меншай меры 10 жылых дамоў і будынак бальніцы.

"У бальніцы выбіла ўсе вокны, дзверы, працуюць пажарныя", распавядаў ноччу мэр горада Сяргей Сухамлін.

Ноч у Кіеве прайшла адносна спакойна. Але раніцай у горадзе зноў гучалі сірэны, паведамляе агенцтва УНІАН.

Між тым, у Генштабе Узброеных Сіл Украіны паведамілі, што ў баявую гатоўнасць прыведзеныя беларускія войскі. Яны знаходзяцца ў раёнах, максімальна набліжаных да дзяржмяжы Украіны.

Па дадзеных выведкі, на працягу 1 сакавіка была зафіксавана значная актыўнасць авіяцыйнай тэхнікі. Таксама заўважаны рух калон тэхнікі з харчаваннем і боепрыпасамі каля Баранавіч, Ляхавіч і Пінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі