Баі ў Марыупалі і ўдар па чыгунцы "ў цэнтры Украіны" — 49-я раніца вайны
Разбураны тэатр у Марыупалі / Reuters
Уначы расійскія вайскоўцы абстралялі чыгуначную станцыю ў цэнтры Украіны, паведаміў у telegram кіраўнік украінскіх чыгунак Аляксандр Камышын. Людзі не пацярпелі, але "з меркаванняў бяспекі мы змянілі маршрут і графік для 17 пасажырскіх цягнікоў", напісаў ён. Была затрымка руху.
Раніцай у сераду Генштаб УСУ паведаміў, што расійскія войскі "не спыняюць наносіць ракетна-бомбавыя ўдары па аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры ў Харкаўскай і Запарожскай абласцях і актыўна вядуць паветраную выведку".
Расійская авіяцыя працягвае наносіць удары і па Марыупалі. Тут праціўнік вядзе наступ у раёне металургічнага комплексу "Азоўсталь" і марскога порта. Расийскае Мінабароны, тым часам, сцвярджае, што ў Марыупалі здаліся ў палон 1026 украінскіх вайскоўцаў 36-й брыгады марской пяхоты.
На тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей украінскія вайскоўцы, мяркуючы па зводках Генштаба УСУ, стрымліваюць націск праціўніка — "за 12 красавіка адбілі шэсць нападаў".
Уладзімір Зяленскі ў сваім традыцыйным звароце пракаментаваў ўчорашнія заявы Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Яны, у прыватнасці, казалі пра тое, што трагедыя ў Буче — гэта інсцэніроўка. Прычым па словах Лукашэнкі, гэта была "псіхалагічная спецаперацыя, якую правялі англічане".
"Чамусьці не пракаментавалі яшчэ масавыя забойствы ў іншых населеных пунктах. Няма ў свеце столькі інсцэніроўшчыкаў, колькі ў расійскім войску ёсць забойцаў", — заўважыў Зяленскі.
Джо Байдэн назваў тое, што адбываецца ва Украіне генацыдам. Прычым агучыў гэтую думку двойчы. Спачатку, калі казаў аб росце коштаў на паліва. У звароце да амерыканцаў ён сказаў, што сямейны бюджэт і магчымасць заправіць свой бак не павінны "залежаць ад таго, ці абвесціць дыктатар вайну і ці зробіць генацыд на іншым канцы свету".
Потым ён паўтарыў свае словы пра генацыд. "Я назваў гэта генацыдам, таму што становіцца ўсё ясней і ясней, што Пуцін проста спрабуе сцерці з твару зямлі нават ідэю быць украінцам", прыводзіць словы Байдэна CNN.
Пентагон сёння правядзе закрытую нараду з вядучымі вытворцамі зброі, каб абмеркаваць магчымасць падтрымаць Украіну. Пра гэта таксама паведамляе CNN са спасылкай на ўласныя крыніцы. Сярод іншага будуць абмяркоўваць паскарэнне вытворчасці наяўных і распрацоўку новых сістэм, якія могуць дапамагчы Украіне.
Тым часам у Кіеў сёння едуць прэзідэнты Польшчы Анджэй Дуда, Эстоніі Алан Карыс, Латвіі Эгілс Левітс і Літвы Гітанас Наўседа. Запланаваная іх сустрэча з Уладзімірам Зяленскім.
Нягледзячы на вайну з Расіяй ва Украіне пачалася пасяўная. Палявыя работы стартавалі ва ўсіх абласцях, акрамя Луганскай, прыводзіць словы прэм'ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля рэсурс "Громадське".
А кіраўнік Жытомірскай вобласці Сяргей Сухамлін распавёў навіны пра дзяцей-сірот, якіх здолелі вывезці ў Польшчу. Сухамлін размаўляў з імі па скайпе.
"Яны распавядалі, як ім там жывецца. Дзяліліся ўражаннямі аб добрай школе, аб вольным часе. А потым, у адзін голас: "Але мы хочам дадому, у Жытомір!",— кажа кіраўнік вобласці.
Па яго словах, ён сказаў дзецям, што яны цяпер у бяспекі, і гэта самае галоўнае, а потым яны абавязкова вернуцца. Сказаў, што рады іх поспехам — у Польшчы яны вучацца ў спартыўнай школе і ўжо абыгралі ў валейбол польскую каманду. "Ганарымся і чакаем дома" , напісаў кіраўнік Жытомірскай вобласці.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіне загінула 191 дзіця, яшчэ 349 атрымалі раненні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.