Бакіеў: Вярнуся ў Кыргызстан, калі да ўлады прыйдуць іншыя людзі
Экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў пакуль не спяшаецца вяртацца на радзіму. Пра гэта беглы палітык, які з 2010 года жыве ў Беларусі пад абаронай Аляксандра Лукашэнкі, заявіў падчас прэзентацыі сваёй кнігі “Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан”. Прэзентацыя праходзіла 22 кастрычніка ў Мінску.
Бакіеў распавёў, што жыве ў Драздах і забяспечаны фінансавымі сродкамі, бо “ўсё жыццё працаваў”. Пры гэтым ён адзначае, што з кіраўніком Беларусі размаўляе рэдка, бо той заняты палітыкай. Сваю будучыню, а таксама будучыню сваіх малодшых дзяцей Бакіеў звязвае з Беларуссю і нават заявіў, што яго дзеці вывучылі беларускую мову.
Сам палітык сказаў, што вернецца ў Кыргызстан, калі там да ўлады прыйдуць іншыя людзі, але пры гэтым ён “прыкіпеў” да Беларусі і называе яе сваёй другой радзімай, паведамляе БелаПАН.
Курманбек Бакіеў, зрынуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў красавіку 2010 года, прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. У ліпені 2014 года Бакіеў быў асуджаны ў сябе на радзіме да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Такі ж самы прысуд вынесены яго брату, Жаныбеку Бакіеву, які ачольваў Службу дзяржаўнай аховы. Іх прызналі вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Бішкек неаднаразова патрабаваў у Мінска выдачы Бакіева, бо той знаходзіцца ў міжнародным вышуку, аднак чаканай рэакцыі з беларускага боку не было.
Фота: БелаПАН