БАТЭ прайграў у гасцях у Лізе Еўропы "Астане" — 0:2
БАТЭ прайграў у гасцях у першым матчы плэй-оф футбольнай Лігі Еўропы "Астане" — 0:2. Гульня на "Астана-Арэне" прайшла з перавагай гаспадароў поля. БАТЭ гуляў слаба і баязліва, пачаў спрабаваць атакаваць толькі ў другім тайме, але сапраўды небяспечных момантаў так і не стварыў. А вось "Астана" скарысталася памылкамі барысаўчан. На 70-й хвіліне гол забіў Кабананга, а на 81-й Нургаліеў паслаў мяч у пустую браму, якую пакінуў Сяргей Верамко і аддаў пас проста на нагу саперніку.
Яшчэ ў першым тайме атрымаў траўму і быў заменены Аляксандр Глеб.
БАТЭ выступаў у наступным складзе: Верамко, Рыас, Гайдучык, Палякоў, Жаўнерчык, Карніцкі (Сігневіч, 80), Кендыш, Гвілія (Яблонскі, 46), Глеб (Іваніч, 39), Гардзяйчук, Радзівонаў (капітан).
Матч у адказ пройдзе 25 жніўня на "Барысаў-Арэне", пачатак а 21-й гадзіне.