Байдэн зноў памыліўся — назваў Уладзіміра Зяленскага Пуціным

Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі.

Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі. / Reuters

Прэзідэнт ЗША 81-гадовы Джо Байдэн на саміце NATO памылкова назваў кіраўніка Украіны Уладзіміра Зяленскага Пуціным. Гэта адбылося, калі Байдэн перадаваў слова для выступу ўкраінскаму прэзідэнту. "А цяпер я хачу перадаць слова прэзідэнту Украіны, які мае не толькі смеласць, але і рашучасць, дамы і спадары, прэзідэнту Пуціну", — сказаў ён. Потым Байдэн паправіў сябе: "Я так засяроджаны на перамозе над Пуціным, што даводзіцца турбавацца аб гэтым. У любым выпадку, спадар прэзідэнт". Зяленскі ў сваю чаргу паспрабаваў перавесці сітуацыю жартам. "Я лепшы", — сказаў ён.

У абарону Байдэна выступілі канцлер ФРГ Олаф Шольц і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Шольц, у прыватнасці, заявіў, што агаворкі здараюцца ва ўсіх. "Калі вы ўвесь час будзеце за ўсімі сачыць, то знойдзеце іх дастаткова. Аднак гэта не мяняе ні на ёту таго, пра што прэзідэнт Байдэн вельмі дакладна заявіў у сваёй прамове", — адзначыў Шольц. Аналагічную заяву зрабіў Эманюэль Макрон. "Гэта здараецца з кожным, гэта здараецца і са мной", — сказаў ён у адказ на просьбу журналістаў пракаменціраваць агаворку Джо Байдэна. Раней у Байдэна ўжо здараліся такія прыкрыя агаворкі.

6 лістапада ў ЗША пройдуць выбары прэзідэнта ЗША. Байдэн мае намер у іх удзельнічаць. Яго сапернікам будзе экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Шэраг паплечнікаў Байдэна па дэмакратычнай партыі раней ужо заклікалі яго сысці з дыстанцыі і саступіць месца іншаму кандыдату, напрыклад, цяперашнему віцэ-прэзідэнту ЗША Камале Харыс. На прэс-канферэнцыі, якая прайшла па выніках саміту NATO, Байдэн у чарговы раз заявіў, што не здыме сваю кандыдатуру і мае намер змагацца за прэзідэнцкую пасаду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі